Ігар Мельнікаў: Далучэнне Крыму да Расеі прайшло паводле сцэнару Гітлера


У інтэрнэце з’явіўся ролік, які параўноўвае далучэнне Крыму да Расеі з анэксіяй нацысцкай Германіяй Аўстрыі ды Чэхаславаччыны ў 1938–39 гадах.

{movie}Заўтра была вайна…|right|15419{/movie}



На думку гісторыка Ігара Мельнікава, падабенства тут сапраўды відавочнае.

Нібыта мірным шляхам, пад радасныя воклічы мясцовага насельніцтва. Не ставала толькі кветак і пераможных парадаў.

«Тое самае адбывалася ў Нямеччыне, калі Гітлер прамаўляў: «Адзін райх, адная нацыя, адзін народ»

«Паралелі ў відэашэрагу падзеяў 1938 года і таго, што адбываецца сёння ў Крыме, стоадсоткавыя. Але яны і без роліку напрошваюцца, – зазначае Ігар Мельнікаў. – З самага пачатку, калі «невядомыя зялёныя чалавечкі», а насамрэч – вайсковыя адзінкі Расейскай Федэрацыі, з’явіліся на тэрыторыі Крыму, было зразумела, што будзе адбывацца анэксія гэтай тэрыторыі Украіны Расейскаю Федэрацыяй. І адною з праяваў гэтага аншлюсу было тое, што расейскія гарнізоны, якіх фармальна Масква не прызнала, заблакавалі вайсковыя фармаванні ўкраінскія».

Усё гэта, падкрэслівае гісторык, рабілася менавіта так, як у 30-ыя гады мінулага стагоддзя, калі войска нацысцкай Нямеччыны ўваходзіла ў Аўстрыю і Чэхаславаччыну. Падобная, паводле спадара Мельнікава, і рэакцыя насельніцтва, якое, нібыта, «кідаецца са стужкамі ды сцягамі і крычыць, што Расея – найлепшая дзяржава ў свеце, якая мае права «збіраць вялікія расейскія землі».

Сучасная расейская ідэалогія – спалучэнне камунізму ды імперскасці

Паводле падобнага лозунгу цяпер дзейнічае Расея, калі імкнецца далучыць да сябе нібыта гістарычна расейскія землі, лічыць гісторык. І звяртае ўвагу на паралелі ўжо ў сцісла расейскай гісторыі, як у перыяд Імперыі, гэтак і ў часы Савецкага Саюзу, калі далучаліся ўсё новыя «расейскія» землі. Паводле спадара Мельнікава, у сучаснай маскоўскай ідэалогіі спалучаюцца як ідэі камуністычныя, Савецкага Саюзу, гэтак і імперскія, звязаныя з Расейскаю Імперыяй.

17:56

«На фуражцы афіцэра сучаснай расейскай арміі ёсць зорка і двухгаловы арол, – звяртае ўвагу Ігар Мельнікаў. – Спалучэнне гэтых двух сімвалаў – гэта як спалучэнне дзвюх ідэалогіяў, якое нараджае новую небяспечную ідэалогію, у якой вельмі моцны элемент адбудовы вялікай дзяржавы, вяртання, далучэння нейкага расейскага хлеба».

«Масква кажа пра гістарычна расейскія землі, як той жа Крым, які, маўляў, быў у складзе Расейскай Імперыі. Але чаму Расея нічога не кажа пра тое, як ён там аказаўся?» – пытае гісторык.

«Не трэба апускаць рук і лічыць, што ўсе мы цяпер станем часткаю Расеі»

Гісторык зазначае, што ёсць небяспека, што цяпер, на хвалі крымскай эйфарыі, Масква можа заявіць, што і беларускія землі – гістарычна расейскія, і іх таксама трэба браць пад абарону. Але гэта ў найбліжэйшы час малаверагодна. Бо, па-першае, Расеі няма неабходнасці заяўляць свае правы на беларускую зямлю – мы і так не маем мяжы, уваходзім у Саюзную дзяржаву, «а сучасная ўлада адкрыта заяўляе, што мы таксама расейцы, але са знакам якасці».

Па-другое, паводле Ігара Мельнікава, Расея – не такая моцная дзяржава, якою хоча ўяўляцца, яе эканоміка цяпер у даволі цяжкім стане, праз што, дарэчы, і з Крымам цяпер будзе шмат праблемаў. Таму «не трэба апускаць рук і лічыць, што ўсе мы цяпер станем часткаю Расеі».

Але калі б пытанне далучэння Беларусі да Расеі паўстала, на думку спадара Мельнікава, галоўная роля тут была б не за ўладамі, а за грамадствам і за тым, наколькі яно сябе ўсведамляе беларусамі, нацыяй, асобнаю ад Расеі.

«Расейская агрэсіўная рыторыка будзе ў любым выпадку працягвацца, і далей у нас будзе распаўсюджвацца заходнерасейская ідэалогія, што мы ўсе – адзіны расейскі народ. Нам, беларусам, цяпер, каб абараніцца ад гэтага ўплыву, трэба ўзмацняць нацыянальную самасвядомасць, развіваць сваю культуру», – зазначае гісторык.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў