Траншэя, калючы дрот, узмоцнены прапускны рэжым. Сепаратыстам на ўсходзе Украіны будзе цяжэй, чымся ў Крыме


Нягледзячы на запэўніванні Пуціна, адным Крымам Крэмль можа не абмежавацца. Узмацняюцца сепарацыйныя акцыі на ўсходзе Украіны і ў Адэсе. Афіцыйны Кіеў заяўляе, што на віну Расеі канфлікт перайшоў з палітычнай у ваенную стадыю. Пакуль украінцы ідуць у ваенкаматы, расейскія вайскоўцы ўжо распачалІ крывавы штурм украінскіх вайсковых аб’ектаў у Крыме.

Сепаратыстам на ўсходзе Украіны будзе цяжэй, чымся ў Крыме. Тут няма расейскіх вайсковых частак, а Кіеў перасоўвае войскі ды бронетэхніку ў Данецкую вобласць. Узмацняецца і ахова мяжы – украінцы адгарадзіліся траншэямі ды калючым дротам і ўвялі ўзмоцнены прапускны рэжым. Дапамагчы войску мае Нацыянальная гвардыя, першыя атрады якой ужо распачалі навучанне.

{movie}Спыніць сепаратызм|right|15406{/movie}

АНДРЭЙ ПАРУБІЙ, САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ:
“Найбліжэйшымі днямі ды тыднямі да дваццаці тысяч добраахвотнікаў увойдуць у шэрагі Нацыянальнай гвардыі. Дваццаць тысяч добраахвотнікаў пройдуць навучанне і змогуць рушыць на выкананне баявых задачаў”.

На частковую мабілізацыю Кіеў знайшоў амаль 7 млрд грыўняў. Яшчэ амаль 10 млн усяго за пару дзён ахвяравалі грамадзяне. Украінскія вайскоўцы ў Крыме таксама заяўляюць пра гатовасць выконваць загады ўкраінскіх уладаў.

ІГАР МАМЧУР, ПАДПАЛКОЎНІК ВМС УКРАІНЫ:
“Для нас сітуацыя не змяняецца – мы працягваем выконваць свае задачы. Я не думаю, што для вайскоўцаў узброеных сілаў Украіны штосьці змянілася”.

Але змены ўжо адбыліся. Сёння падчас атакі расейскіх войскаў загінуў прапаршчык украінскага войска. Яшчэ адзін жаўнер паранены. Якім чынам Кіеў зможа падтрымаць сваіх жаўнераў, калі паўвостраў прыяднаўся да Расеі, – невядома. Пакуль новыя ўлады перадусім спрабуюць суняць сепаратысцкія настроі. Да ўсходняй Украіны звярнуўся прэм’ер краіны з заклікам…

АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:
“Не верыць чуткам, якія ёсць элементамі вайны супраць Украіны – толькі інфармацыйнай. Нібыта будуць забіраць частку заробкаў і пенсіяў – нібыта на патрэбы Майдану. Гэта – чыстая хлусня. Нібыта вас едуць перавыхоўваць гэтак званыя бандэраўцы – гэта хлусня”.

Тым часам ідзе перавыхаванне крымчанаў. Узброеныя людзі даглядаюць торбы мінакоў, а мясцовыя ўлады збіраюцца ўзяць у свае рукі не толькі маёмасць украінскай дзяржавы, але і крымскіх татараў.

РУСТАМ ТЭМІРГАЛІЕЎ, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР КРЫМУ:
“Мы хочам разам з крымскімі татарамі правесці легалізацыю ўсіх зямельных надзелаў на дамоўнай падставе. Частку земляў мы папросім вызваліць на сацыяльныя патрэбы».

У дадатак да ўжо прысутных у Крыме расейскіх войскаў на паўвостраў працягваюць з’яджацца расейскія грамадзяне. Яны імкнуцца ўступіць у шэрагі самаабароны. Шмат хто рады ім.

ЖЫХАРКА СІМФЕРОПАЛЮ:
“Мы вам вельмі ўдзячныя. Калі б не вы і ваш прэзідэнт… Цяпер ужо наш прэзідэнт”.
“Цяпер ужо наш, так”.
“Мы з 1991 года не спім і не ведаем, куды нам уцякаць ад таго, што адбываецца ў Кіеве”.

Кіеў, у сваю чаргу, не толькі не прызнае аддзялення паўвостраву, але і не прыпыняе паставак электраэнергіі ды вады ў Крым. Праўда, калі Расея пачне прысваенне ўкраінскіх прадпрыемстваў, то Вярхоўная Рада пагражае нацыяналізаваць шэраг аб’ектаў, што належаць расейскаму капіталу.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў