Мясцовыя саветы – масонскія ложы сучаснасці


У склад мясцовых саветаў уваходзяць найбольш уплывовыя людзі рэгіёнаў. Гэта вынікае з даследавання складу абласных саветаў, праведзенага Інстытутам палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.

У незалежным грамадстве склалася ўстойлівае меркаванне, што мясцовыя саветы нічога не вырашаюць і маюць выключна дэкаратыўную функцыю. Паводле некаторых экспертаў, саветы ствараюць адно фасад дэмакратыі для назіральнікаў звонку, а таксама для часткі грамадства ў краіне.

Гэтае меркаванне абвяргае даследаванне складу абласных саветаў, праведзенае Інстытутам палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.

Аналізуючы біяграфіі дэпутатаў, даследчыкі інстытуту Андрэй Казакевіч і Вадзім Смок выявілі, што ў склад абласных саветаў уваходзяць найбольш уплывовыя людзі на рэгіянальным узроўні. А галоўная функцыя саветаў – гэта камунікацыя прадстаўнікоў рэгіянальных элітаў паміж сабою.

У пэўным сэнсе сённяшнія беларускія саветы – не сучасныя органы прадстаўнічай улады, але масонскія ложы – закрытыя клубы элітаў, распаўсюджаныя ў еўрапейскіх манархіях у XIX ст.

Паводле даследчыкаў, склад саветаў мае алігархічны характар. 75–90 % дэпутатаў – гэта кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацыяў. Іхныя намеснікі – 8–18 %. “Звычайных” людзей толькі 1–2 чалавекі на савет.



Аналіз складу саветаў за 15 гадоў прывёў да высновы аб узмацненні ў рэгіёнах ролі бізнесу – як дзяржаўнага, так і прыватнага. Колькасць кіраўнікоў дзяржаўнага кіравання скарацілася. Месцы чыноўнікаў займаюць кіраўнікі вытворчага сектару – дырэктары заводаў і кіраўнікі адкрытых акцыянерных таварыстваў. Прыватныя бізнесоўцы павялічылі сваю прысутнасць ад 0,9 % у 1999 г. да 5 % у 2010 г.

Пры гэтым скарачаецца прадстаўніцтва сельскай гаспадаркі. Напрыклад, у Гомельскім абласным савеце ў 1999 г. было 17 % такіх дэпутатаў, а ў 2010 г. ужо менш за 2 %. Гэта сведчыць пра нізкі статус старшыняў калгасаў у сучаснай беларускай эліце.

Даследаванне таксама абвяргае распаўсюджанае меркаванне, што склады саветаў фармуюцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Асобныя параметры сведчаць, што рэгіянальныя эліты маюць пэўную аўтаномію – пытанне складу абласных саветаў вырашаецца на ўзроўні абласных цэнтраў.

Вадзім Быліна, belsat.eu

Стужка навінаў