У правільным месцы ў правільны час – Лявон Вольскі выпускае новы альбом на Дзень Волі


Кружэлка пісалася некалькі гадоў і ў выніку атрымае назву «Грамадазнаўства». Рэліз дапрацоўваўся на віленскай студыі «Ymir Audio», саўнд-прадзюсарам якой стаў нарвежскі музыка Снорэ Бэргеруд, які таксама выступіў у запісе як гітарыст, бас-гітарыст і аранжавальнік.

Як кажа сам спявак, песні новага альбому будуць жорсткія і бескампрамісныя. «Я думаю, Снорэ працаваў у жанры манументалізму, – постмадэрніст Вольскі нечакана знаходзіць слова, якое апісвае новую кружэлку. – Я таму і не магу вылучыць з альбому нейкай адной «найбольш удалай» песні. Яны там усе – як камяні ў брукаванцы. Мы адмовіліся ад папярэдняга сінглу, бо кожная асобна ўзятая песня не перадае настрою ўсяго альбому».

Паводле Лявона, час кампрамісаў скончыўся: «Музычная канцэпцыя «Грамадазнаўства» – гэта «нічога лішняга». Асноўны ўхіл зроблены на лірыку. Некаторыя песні пачынаюцца адразу з тэксту. Песні кароткія, тэксты доўгія».

Інтэрнэт-прэзентацыю альбому чакайце 25 сакавіка на лэйбле «Пяршак» моладзевага часопісу 34mag.net.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў