Новае затрыманне ў справе акцыі каля Генштабу


Грамадскага актывіста Барыса Ашчэпкава затрымалі сёння ў Менску ў справе акцыі супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў «Захад–2009» каля Генеральнага штабу.

Барыс Ашчэпкаў дапамагаў бацькам маладзёнаў, затрыманых раней па так званых справах нападаў, скантактавацца з праваабаронцамі. Сёння раніцай яго арыштавалі на тры дні. Барыс утрымліваецца ў Цэнтральным РАУСе Менску.

Сёння пад падпіску аб нявыездзе адпусцілі Ігара Трухановіча. 24 верасня яго выклікалі «на размову», пасля якой шэсць дзён утрымлівалі ў ізалятары на вул. Акрэсціна. Абвінавачвання яму не прадставілі.

Такім чынам, хваля арыштаў, якія пачаліся 3 верасня, закранула ўжо 14 чалавек. Нагадаем, што ў «справах нападаў» фігуруюць шэсць здарэнняў. Гэта нядаўнія інцыдэнты з «кактэйлямі Молатава» каля расейскай амбасады ды ізалятару на вул. Акрэсціна, сёлетнія падпалы Дому прафсаюзаў і філіялу «Беларусбанку» ў Менску, напад на пастарунак у Салігорску і леташняя акцыя пратэсту каля Генштабу.

За кратамі застаецца Мікалай Дзядок. 24 верасня скончыліся чарговыя, сёмыя па ліку 72 гадзіны ягонага ўтрымання пад вартаю. Арышт працягнулі яшчэ на 10 дзён. Мікалая падазраюць у арганізацыі акцыі каля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі, калі на яго тэрыторыю кінулі дымавую шашку. Ён утрымліваецца ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску.

Там жа сядзіць Аляксандр Францкевіч, якога таксама паўторна затрымлівалі некалькі разоў, а 20 верасня яму прадставілі афіцыйнае абвінавачванне – у нападзе на пастарунак міліцыі ў Салігорску.

belsat.eu

Стужка навінаў