У Крыме пазбаўляюцца ад украінскай сімволікі


Пуцін падпісаў дамову аб анексіі паўвостраву.

Прэзідэнт Расеі і самаабвешчаныя прадстаўнікі крымскіх уладаў – «кіраўнік ураду» Сяргей Аксёнаў, спікер распушчанага Вярхоўнай Радаю крымскага парламенту Уладзімір Канстанцінаў і «мэр» Севастопалю Аляксей Чалы паставілі свае подпісы на дамове аб уключэнні Крыму і Севастопалю ў склад Расеі ў якасці новых суб’ектаў.

Згодна з дакументам, усе грамадзяне Украіны і асобы без грамадзянства, якія стала пражываюць у Крыме, атрымліваюць расейскае грамадзянства. Тыя, хто хоча пакінуць ранейшы пашпарт, мусяць у бліжэйшы месяц заявіць пра сваё жаданне.

Учора 17 сакавіка самаабвешчаныя ўлады Крыму абвясцілі пра сваю незалежнасць. Гэтае рашэнне яны абгрунтавалі «рэферэндумам», падчас якога амаль 97 % жыхароў аўтаноміі прагаласавалі за далучэнне да Расеі. Вынікі рэферэндуму прызнала толькі Расея. Украінскія ўлады, ЗША і Еўразвяз заявілі пра незаконнасць плебісцыту.

Тым часам, яшчэ не дачакаўшыся падпісання дамовы, крымскія ўлады пачалі пазбаўляцца ад украінскай дзяржаўнай сімволікі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў