Саркастычны погляд на трагічныя падзеі ва Украіне – у новай праграме «Белсату».


«Чаму яны (Лукашэнка, Пуцін) хлусяць? Бо думаюць, што мы будзем баяцца. Іхная зброя не танкі ды не ракеты, а страх. Супраць страху ёсць толькі адна зброя – смех», – распавядае Юрый Хашчавацкі.

У новай праграме «Тэатр ваенных дзеянняў» Юрый Хашчавацкі са сваім суразмоўцам Крумкачом будуць смяяцца з хлусні, якую мы чуем на расейскіх каналах, двойчы на тыдзень, кожны аўторак і чацвер а 20:25.

{movie}Новая праграма Юрыя Хашчавацкага на “Белсаце”: “Тэатр ваенных дзеянняў” (Фрагмент) |right|15394{/movie}

«Калі я бачу хлуса, я пачынаю іранізаваць, і язвіць, і здзекавацца з яго. А калі хлус займае найвышэйшую дзяржаўную пасаду – гэта жахліва. Я толькі прэзентую хлусаў», – кажа Юрый Хашчавацкі і дадае: – Яшчэ я буду смяяцца з дурноты і ляноты, калі людзі не хочуць даведвацца, што адбываецца. Калі б яны папрацавалі ды даведаліся, што было з жыхарамі Сочы напярэдадні Алімпіяды, калі людзей высялялі і забіралі зямлю, жыхары Крыму б задумаліся. А так яны, як бандэрлогі, ідуць у пашчу ўдаву».

Культавы беларускі рэжысёр-дакументаліст Юрый Хашчавацкі вядомы сарказмам, якім напоўненыя ягоныя фільмы.

«У Крыме, як у Сочы, знясуць усе ўбогія хацінкі, і на іх месцы паўстануць фундаментальныя асабнякі начальства. А простыя людзі змогуць любавацца гэтаю непраўдападобнаю прыгажосцю», – іранізуе Хашчавацкі. «Ага! Калі яны змогуць падскочыць вышэй за начальніцкія платы?» – сумняецца Крумкач. «Нічога, хай паскачуць, глядзі і спортам займацца пачнуць. Напрыклад, альпінізмам. Стануць падымацца ў горы, каб праз платы кіраўніцтва можна было паглядзець на мора. Суцэльная карысць!» – жартуюць у праграме Крумкач і спадар Юрый.

У праграме «Тэатр ваенных дзеянняў» Юрый Хашчавацкі размаўляе па-расейску, і гэта мэтанакіраваны выбар.

«Беларускую мову я пачаў вучыць, і лічу гэта вельмі істотным, крумкача па-беларуску таксама я агучваю. Але ў гэтым выпадку я звяртаюся да людзей, якія па-прарасейску настроеныя. Яны ў палоне ілюзіяў, што мы браты з Расеяй. Але братамі з маскоўскаю бандгрупоўкаю мы быць не можам. Да таго прапаганда выкарыстоўвае савецкія моўныя штампы, і я часам імі карыстаюся. А ў перакладзе такія абароты губляюць свой каларыт і кантэкст, напрыклад «деньги госдепа» гучыць інакш, чымся грошы дзяржаўнага дэпартаменту. Таму мы адмыслова абралі расейскую мову».

Праграма «Тэатр ваенных дзеянняў» будзе выходзіць кожны аўторак і чацвер а 20:25. Глядзець яе можна праз спадарожнік і онлайн-трансляцыю на сайце. А таксама ў архіве праграмаў.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў