«Мы ж татары не крымскія, а беларускія...»


«Белсат» высветліў, ці падтрымліваюць беларускія татары сваіх крымскіх братоў у барацьбе за незалежнасць ад Расеі. Рэпартаж з татарскай сталіцы Беларусі – Іўя.

«Мы ўсе паміж сабою добра жывем»

Гарадское паселішча Іўе ў Гарадзенскай вобласці вядомае як татарская сталіца Беларусі: там жыве найбуйнейшая супольнасць. Мястэчка, што ўзгадваецца з сярэдзіны XV ст., вядомае сваёй шматнацыянальнасцю і шматканфесійнасцю. Тут працуюць царква, касцёл і мячэць. З васьмі тысячаў насельнікаў – больш за тысячу татараў, 400 сем’яў.

«Яны з аблічнасці адрозніваюцца, а пры размове адрозненняў няма, толькі што мусульмане, свята іхняе ў пятніцу. Я праваслаўная, ёсць каталікі, але мы ўсе паміж сабою добра жывем, сябруем на сваёй вуліцы, аніякіх перашкодаў не маем, аніякіх папрокаў», – гаворыць мясцовая жыхарка Валянціна.

Нават побач з традыцыйнымі вуліцамі Савецкай ды Леніна ёсць вуліца Дружба. Татары жывуць тут цэлымі кварталамі.

Імам: «Не даю ніякіх каментароў»

Хоць пабудовы ў Іўі нізкія, знайсці мячэць не надта лёгка. Незвычайны для шмат каго з беларусаў зялёны будынак з доўгім шпілем хаваецца між дамоў. Гэта адзіная з 16 беларускіх мячэцяў, якую не зачынілі ў савецкі час. Цяпер жа будынак на замку, адмыкаецца толькі для малітвы – па пятніцах удзень.

Імам Адам Радзецкі на пытанне пра крымскіх татараў і сітуацыю ў Крыме адказваць адмаўляецца: «Наконт гэтага не даю ніякіх каментароў». Трапіць унутр мячэці нам таксама не пашчасціла.

«Мы з крымскімі ніякіх стасункаў не маем»

Пенсіянер і настаўнік фізкультуры Давід Сафарэвіч упэўнены, што крымскім татарам будзе лепш «з багатаю Расеяй, чымся з беднай Украінаю»: «Калі быў бы мой выбар, я б першым пайшоў на рэферэндум за аб’яднанне з Расеяй… Пакуль жа аб нападзе расейскіх войскаў аніякай гаворкі не вядзецца». У Давіда Мустафавіча ёсць у Крыме знаёмыя, але ён з імі не кантактуе, пра падзеі даведваецца з медыяў.

Ягоны сусед Джаміль Радкевіч у крымскую сітуацыю надта не паглыбляўся і не разумее, чаго людзі ваююць. «Нічога не магу сказаць пра крымскіх татараў, мы ж не крымскія, а беларускія. Мы з крымскімі ніякіх стасункаў не маем, жывем як беларусы. Але незразумела, чаму людзі не жывуць мірна, чаму вядуць барацьбу».

Са словаў Джаміля, яны, іўеўскія татары, нічым не адрозніваюцца ад іўеўскіх беларусаў. Побыт той жа самы, маюць розныя прафесіі, займаюць самыя розныя пасады, хіба толькі дэпутатаў сярод іх няма. Татары вылучаюцца сваёй працавітасцю, мяркуе Джаміль, бо прызвычаеныя працаваць цяжка на зямлі, жонка дбайна сочыць за парадкам у хаце. На ягоную думку, займацца земляробствам, ставіць знакамітыя ў Іўі цяпліцы беларусы навучыліся менавіта ад татараў. Дома ж замест «чырвонага кута» з іконамі ў мусульманаў мугір – шыльда ці аркуш са словамі малітвы ў паўднёвай частцы хаты. Тут, тварам да Меккі, артадаксальныя мусульмане пяць раз на дзень складаюць намаз – моляцца. І хоць іўеўскія татары размаўляюць па-расейску, моляцца яны на арабскай мове.

«Мы сябе лічым беларусамі»

Спадарыня Айша таксама адносіць сябе да беларусаў і не надта арыентуецца ў крымскай тэме: «Гэта ўжо іхная справа. Няхай жывуць як хочуць. Мы ж сябе лічым беларусамі, дый гаворым пра сябе «мы беларусы». Айша адзначае, што паміж некалькімі веравызнаннямі ёсць салідарнасць. Каталікі нават імкнуцца не працаваць у мусульманскія святы, татары – у хрысціянскія, а імам наведвае царкву і касцёл, віншуе вернікаў.

Адметна, што вядомыя сваёй працавітасцю і ветлівасцю татары паводзіліся з намі даволі насцярожана. Яны збольшага пазбягалі фатаграфаванні ды неахвотна дзяліліся меркаваннем пра палітычныя падзеі ў Крыме.

Антось Міхайлюк, belsat.eu

Стужка навінаў