Выбары па-беларуску. За краты адправілі ўдзельнікаў дазволенага пікету


За выбарчую агітацыю – пакаранне арыштам. У сталіцы асудзілі семярых актывістаў апазіцыі, якія напярэдадні ўдзельнічалі ў дазволеным уладамі пікеце Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На яго прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці выйшлі з партрэтамі беларускіх палітвязняў і зніклых палітыкаў.

Ствараюць ініцыятыўныя групы, збіраюць подпісы, агітуюць. Выбары, якія б яны ні былі, паводле шмат якіх апазіцыйных кандыдатаў – добрая магчымасць легальна праз тыя ж пікеты даносіць свае ідэі да людзей. Але ці ўсё так проста? Гэтак, учорашні перадвыбарчы пікет Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску ўлады палічылі несанкцыянаваным.

{movie}Выбары па-беларуску|right|15387{/movie}

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА ПАЛІТВЯЗНЯ МІКОЛЫ СТАТКЕВІЧА:

“Затрымалі ўсіх, хто на той момант паспеў падысці да Камароўскага рынку. Вы ж бачыце, што ў прэсе нават не з’явіліся здымкі, бо журналісты былі затрыманыя адныя з першых”.

Неўзабаве журналістаў адпусцілі, астатнія ж паўсталі перад судом. У выніку лідар АГП Анатоль Лябедзька атрымаў 15 содняў, па 10 – актывіст Яўген Храпаў, хворы на дыябет Аляксандр Арастовіч і 73-гадовы Уладзімір Раманоўскі.

ГАННА КАНАПАЦКАЯ, СЯБРА АГП:

“Гэтае рашэнне проста паказвае адсутнасць нават нейкае павагі да чалавека ў сталым узросце, павагі да чалавека, які адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. Суд мусіць грунтавацца на нейкіх гуманных палажэннях, на прынцыпах гуманнасці, наш суд, відаць, усяго гэтага пазбаўлены”.

Пра ціск з боку ўладаў падчас мясцовай кампаніі кажуць і актывісты іншых партыяў і рухаў. На гэтым этапе выбараў ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўдзельнічае 41 кандыдат, яшчэ 250 ідуць назіральнікамі. Мэта адна – зафіксаваць парушэнні ды распавесці пра іх.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

“Па сутнасці і ў Менску, і ў іншых гарадах немагчыма было правесці нармальна, спакойна ні адзін агітацыйны пікет. Такога раней проста не было. І вось гэтая сваволя ўжо дае падставу сёння казаць, што ніякіх свабодных, дэмакратычных выбараў у краіне няма”.

Зацісканне гаек актывісты звязваюць у тым ліку і з падзеямі ва Украіне. Апрача затрымання і суда над ўдзельнікамі выбарчага пікету АГП, сярод апошніх прыкладаў ціску на прадстаўнікоў апазіцыі – канфіскацыя ў кандыдата ад БНФ Іллі Дабратвора агітацыйных улётак, а таксама пакаранне 10 соднямі гомельскага актывіста Уладзіміра Шыцікава за антываенныя лозунгі.

Адзін з нешматлікіх пікетаў, які прайшоў без эксцэсаў, правялі актывісты АГП у Магілёве. Але і тут за яго ўдзельнікамі сачылі асобы ў цывільным.

УЛАДЗІМІР ШАНЦАЎ, АГП, МАГІЛЁЎ:

“Мы цудоўна ведаем, што дэпутаты ўжо прызначаныя, што на выбарчых участках усё будзе прыгожа да падліку галасоў, а пры падліку ўсё будзе гэтак сама непрыгожа, як апошнія 15 гадоў, што адбываецца ў нашай краіне”.

І ведае гэта не толькі апазіцыя. Можа, таму яўка на мясцовых выбарах традыцыйна невысокая. Нават сам кіраўнік краіны двойчы за апошнія месяцы браў на сябе функцыі агітатара, заклікаючы беларусаў да ўдзелу ў галасаванні, агучыў і пажаданую яўку – 75 %.

І цалкам верагодна, што прынамсі на паперы лічбу гатовыя забяспечыць. Датэрміновае ж галасаванне пачынаецца ўжо заўтра. Самыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць у бліжэйшую нядзелю.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў