Украіна выступіла за разрыў адносінаў з Расеяй


У Вярхоўную Раду ўнеслі законапраект пастановы «Аб першачарговых захадах у сувязі з наўпроставаю ваеннаю агрэсіяй Расейскай Федэрацыі». У дакуменце – рэкамендацыі разарваць дыпламатычныя адносіны з Расеяй, увесці візавы рэжым паміж краінамі, дэнансаваць пагадненне аб статусе і ўмовах размяшчэння Чарнаморскага флоту ў Севастопалі.

Міністэрства замежных справаў Украіны не прызнала вынікаў рэферэндуму, заявіўшы, што змена статусу паўвостраву не была ўзгодненая з карэнным крымскататарскім народам.

На тэрыторыі Крыму могуць увесці поўную баявую гатовасць Узброеных сілаў і правесці ўсеагульную мабілізацыю. Пакуль жа, паводле міністра юстыцыі Паўла Пятрэнка, ва Украіне пытанне ўвядзення ваеннага становішча не разглядаецца.

Аднак, як заявіў першы віцэ-прэм’ер Украіны Віталій Ярэма, Крым застаецца тэрыторыяй Украіны, таму вайскоўцы застануцца ў сваіх гарнізонах.

Рэферэндум аб дзяржаўным статусе Крыму і Севастопалю праходзіў 16 сакавіка. Паводле афіцыйных вынікаў, яўка склала 83 %. З тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі, 96,6 % выказаліся за далучэнне паўвостраву да Расеі.

ДР, belsat.eu, паводле slon.ru

Стужка навінаў