Санкцыі супраць Расеі пачалі дзеяць


У адказ на правядзенне рэферэндуму ў Крыме аб статусе рэспублікі міністры замежных справаў краін Еўразвязу дамовіліся аб санкцыях у дачыненні двух дзясяткаў чыноўнікаў.

Пра гэта ў сваім мікраблогу «Twitter» паведаміў кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус.

Паводле інфармацыі «The Wall Street Journal», сярод іх 13 асобаў – расейскія службоўцы, у тым ліку і Міністэрства абароны, – і 8 уваходзяць у склад кіраўніцтва Крыму.

Санкцыі ўключаюць у сябе забароны на ўезд і замарожванне актываў у банках краінаў-сябраў ЕЗ. Лінкявічус падкрэсліў, што праз некалькі дзён удакладняцца дадатковыя санкцыі супраць Расеі.

Супраць жорсткіх санкцыяў у дачыненні Масквы ўжо заявілі Балгарыя, Іспанія, Грэцыя, Партугалія і Кіпр.



Як перадае сайт тэлеканалу «Дождь», прэзідэнт ЗША Барак Оўбама таксама ўвёў санкцыі супраць сямёх расейскіх і траіх украінскіх чыноўнікаў. Указ аб заблакаванні ўласнасці ды забароне на ўезд, між іншага, датычыць экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, Валянціны Матвіенкі, Уладзіслава Суркова, Сяргея Глазьева, Дзмітрыя Рагозіна.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў