STARавіны. «Эх, пракачу!»


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?
У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.


Менавіта такі надпіс быў на аўтамабілі пад назваю «Анцілопа-Гну» Казлевіча – героя раману І. Ільфа і Я. Пятрова «Залатое цяля». «Аўтамабілі, аўтамабілі літаральна ўсё запаланілі», спявала А. Пугачова ў савецкі час, калі насамрэч так не было. А як было ў 1913 годзе?

18 красавіка «Могилёвский вестник» надрукаваў рэкламу нямецкага прадпрыемства Адама Опэля: «Вытворчасць машынаў адмыслова для рускіх дарог. «Опэль» атрымоўвае прызы на гонках і выпрабавальных паездках». Фірма шукала прадстаўнікоў для продажу машынаў у Беларусі. 6 траўня аб’яву змясціла фабрыка грузавых аўтамабіляў з Нямеччыны – шукалі прадстаўнікоў для распаўсюду цяжкавікоў і маторных омнібусаў.

«Минский голос» 29 снежня 1912 года паведамляў, што ў Менску з 1 студзеня пачне курсаваць аўтамабіль № 2 для перавозкі пасажыраў – «Форд», які належыць Арамовічу. Стаянка была там сама, дзе і аўта № 1 – ля гарадскога скверу. Магілёўскі абывацель у сакавіку 1913 года звярнуўся да гарадской управы па дазвол наладзіць правоз пасажыраў трыма аўтамабілямі. Другі магілёвец звярнуўся ў кастрычніку 1913 года па дазвол наладзіць аўтамабільны рух паміж гарадамі Магілёў, Чэрыкаў, Рослаўль.

У Магілёве была ў той час гарадская конна-чыгуначная дарога. Рух вагонаў адбываўся з 8:00 і да 23:00, але кандуктары не заўсёды хацелі везці пасажыраў у апошні час працы на вакзал, калі іх было менш за чатыры. Рэдакцыя газеты «Могилёвский вестник» заклікала выконваць свае абавязкі, калі яны прапісаны ў аб’явах, якія вісяць у вагонах. Газета паведамляла, што для пасажыраў збіраюцца паставіць некалькі крытых лавак. У снежні 1913 года купец Бэрман звярнуўся ў Барысаўскую гарадскую ўправы з прапановаю пабудаваць за свой кошт электрычныя трамваі і зрабіць электрычнае асвятленне вуліцаў з умоваю права асабіста выкарыстоўваць іх цягам 40 гадоў.

Разгортваўся пасажырскі рух на чыгунцы. У 1912 годзе ў раскладзе пасажырскіх цягнікоў на станцыі Берасце Літоўскі можна было знайсці, што ён злучаны з Варшаваю, Масквою, Ковелем (Кіевам), Беластокам, Пінскам, Холмам. У Горадні з 18 красавіка 1912 года цягнікі курсавалі на Варшаву, Пецярбург, Беласток, Сувалкі, Ваўкавыск, Масты і Вільню. Таварыства параходства па Дняпры і яго прытоках і Другое параходнае таварыства па Дняпры і яго прытоках ажыццяўлялі параходны рух па Кіева-Магілёўскай і па Магілёва-Аршанскай лініях.

Хапала працы, відаць, і рамізнікам. Прынамсі ў Магілёве. Мясцовая газета папярэджвала, што 3–4 красавіка 1913 года на Сеннай плошчы прызначылі летні агляд легкавых рамізнікаў з наяўным пасведчаннем ветэрынарнага доктара пра стан коней. У газету скардзіліся, што да вячэрніх цягнікоў прыязджае мала рамізнікаў, а таму яны замест 50 кап. за параконную і 35 кап. за аднаконную бяруць па 1 руб. і болей.

Вось так выглядаў асабісты і грамадскі транспарт сто гадоў таму. Ёсць з чым параўноўваць.

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары