Расея разгортвае ў Баранавічах полк авіязнішчальнікаў


24 самалёты Су-27 «будуць забяспечваць супрацьпаветраную абарону Саюзнай дзяржавы», заявіў галоўнакамандуючы ВПС Расеі Віктар Бондараў агенцтву ИТАР-ТАСС.

Паводле генерал-лейтэнанта Віктара Бондарава, да канца гэтага года на расейскай авіябазе, стала размешчанай на аэрадроме ў Баранавічах, разгорнуць знішчальны авіяцыйны полк колькасцю 24 знішчальнікі Су-27СМ3. Самалёты будуць забяспечваць супрацьпаветраную абарону і недатыкальнасць паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы.

«У Беларусі ў нас цяпер звяно знішчальнікаў Су-27СМ3 колькасцю чатыры машыны, яно выконвае задачы супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы. Сёлета разгорнуць полк Су-27 у складзе двух эскадрылляў – усяго 24 машыны», – зазначыў галоўнакамандуючы.

На мінулым тыдні ў межах абвешчанага кіраўніком Беларусі другога этапу праверкі боегатовасці Узброеных сілаў на аэрадром у Бабруйск прыляцелі шэсць знішчальнікаў Су-27. А ў Баранавічах размесцілі авіяцыйны комплекс радыёлакацыйнага дазору і навядзення А-50.

Раней Лукашэнка выказаўся за размяшчэнне на тэрыторыі краіны 12–15 расейскіх знішчальнікаў у адказ на перакідванне НАТО авіяцыйных сілаў у краіны Балтыкі і Польшчу.

ЮВ паводле БелаПАН

Стужка навінаў