«Мы вяртаемся дамоў»


Што кажуць крымчукі, якія прыйшлі на рэферэндум. Падзеі ў Крыме вачыма журналістаў «Financial Times».

У нядзелю рана раніцаю ў Сімферопалі каля паліклінікі № 2, у памяшканні якой праходзіць галасаванне, пачалі збірацца людзі. «Мы вяртаемся дамоў. Назад да вытокаў», – гэтак тлумачыць свой удзел у рэферэндуме 72-гадовы пенсіянер Валянцін Белавусаў.

Ніна Грыгор’ева і ейны муж Васіль, якія родам з Расеі, кажуць, што нацярпеліся шмат бедаў ад ураду Украіны. «Кіеў забыўся на Крым, які заўсёды быў перлінаю, квітучым месцам», – скардзіцца жанчына. Паводле яе, пасля 1991-га, калі распаўся СССР, прыйшлі ўкраінцы і забралі ўсё. «Нічога больш не працуе», – кажа нарадзінка Расеі.

Жыхарам Крыму, якіх налічваецца каля 1,5 мільёна, на рэферэндуме прапаноўваюць два варыянты адказаў. Першы – увайсці ў склад Расеі. Другі – стаць фактычна незалежнаю дзяржаваю, застаючыся намінальна ў складзе Украіны. У бюлетэні няма варыянту для тых, хто хоча захаваць цяперашні статус паўвыспы.

Чакаецца, што большасць этнічных расейцаў, якія складаюць каля 60 % насельніцтва Крыму, прагаласуюць за далучэнне паўвостраву да Расеі.

Да 1954 года паўвыспа належала РСФСР. Пасля савецкі лідар Мікіта Хрушчоў перадаў яе Украіне. Цяпер жа расейцы разглядаюць рэферэндум як шанец выправіць гістарычную несправядлівасць. Гэткае меркаванне пераважае ў Севастопалі, дзе базуецца расейскі Чарнаморскі флот.

Аляксандр Фарманчук, кіраўнік Крымскага экспертнага клубу, адзначае, што яшчэ мінулым летам менш за чвэрць насельніцтва Крыму выказвалася за далучэнне да Расеі. Аднак пасля падзеяў у Кіеве грамадскае меркаванне рэзка змянілася. На карысць Расеі сталі выказвацца 79 % жыхароў Крыму.

Супрацьлеглага меркавання прытрымліваецца большасць карэннага насельніцтва Крыму – крымскія татары. Яны, як і этнічныя ўкраінцы на паўвостраве, супраць аддзялення Крыму ад Украіны. Галоўны прадстаўнічы орган крымскіх татараў – меджліс – заклікаў байкатаваць рэферэндум.

Аднак некаторыя расейцы яшчэ не вызначыліся. Руслан, муніцыпальны службоўца ў Сімферопалі, які адмовіўся называць сваё прозвішча, сказаў, што не прымае новай улады ў Кіеве. Але каб Крым стаў часткаю Расеі, таксама не хоча. «Гэта будзе зноў як у Савецкім Саюзе. Мне гэтага не хочацца», – растлумачыў Руслан.

Але ўсё ж такі падтрыманне Расеі вельмі высокае. «У Расеі няма нічога такога, што было б горш, чымся ва Украіне. Украінская эканоміка ў жудасным стане», – кажа Наталля, якая прагаласавала за аддзяленне Крыму ад Украіны.

Шмат хто з тых крымчукоў, якія прыйшлі на рэферэндум, прызналіся, што ім вельмі не спадабалася спроба Кіева змяніць статус расейскай мовы. «Як яны могуць забараніць нам размаўляць на роднай мове», – скардзіцца Алена і прызнаецца, што сумуе па часах СССР, калі ніхто «не рабіў ніякіх адрозненняў паміж нацыянальнасцямі». «Мы хочам вярнуцца да таго часу, назад у Савецкі Саюз», – рэзюмуе Алена.

Праціўнікі рэферэндуму сцвярджаюць, што галасаванне пад дуламі аўтаматаў акупантаў не можа быць прызнанае законным. Агітацыя была аднабаковая: увесь Крым завешаны плакатамі, што заклікаюць галасаваць за далучэнне да Расеі. Адзін з папулярных плакатаў – два малюнкі Крыму. На адным Крым у колерах расейскага сцягу. На іншым – з нацысцкаю свастыкаю.

Украінскім тэлеканалам забаранілі трансляванне на паўвыспе. На іх месцы з’явілася расейскае тэлебачанне. Адзіны канал, які застаўся, – тэлебачанне татарскай абшчыны «ATR».

ЮВ, паводле «Financial Times»

Стужка навінаў