Юбілей, які можа стаць апошнім. Першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі Вярхоўны Савет прыняў роўна 20 гадоў таму


https://youtu.be/gILMMaJVElU
20 гадоў таму незалежная Беларусь атрымала першую Канстытуцыю. За гэты час галоўны закон краіны ўжо раз змянялі на ініцыятыву таго, хто, па-сутнасці, ёсць яе гарантам. А цяпер Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне прыняць увогуле новую Канстытуцыю. Чаго ж бракуе кіраўніку ў цяперашняй Канстытуцыі, і так пераробленай пад ягоныя асабістыя патрэбы ды амбіцыі?

Юбілей, які можа стаць апошнім. Першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі Вярхоўны Савет прыняў роўна 20 гадоў таму.

{movie}Новая канстытуцыя РБ? (15.03.2014) |right|15360{/movie}

МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ, БЫЛЫ СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ:
“Крыху менш за 4 гады распрацоўвалася, удасканальвалася, абмяркоўвалася з насельніцтвам”.

Якое і дасюль памятае пра значэнне Канстытуцыі для дзяржавы. У адрозненне ад уладаў, якія сёлетні юбілей асноўнага закону краіны нават плакатамі не адзначылі.

ЖЫХАРЫ ПІНСКУ:
“Канстытуцыя, дзякаваць Богу, нармальная. Жывём мы па нашай канстытуцыі, па нашых законах”.
“Але ў сувязі з цяперашняй сітуацыяй ва Украіне яна нам не гарантуе бяспекі. Ва ўсялякім выпадку ад уварвання нашага гэтак званага брата з Расеі”.
“Улічваючы сітуацыю, што адбываецца вакол Беларусі, адносіны з Расеяй, адносіны з уладаю Украіны, якая будзе, Крым, не вядома, што будзе з паўднёвым усходам Украіны, я думаю, што тады трэба будзе другую, трэцюю Канстытуцыю прымаць”.

І гэта для краіны не навіна, хаця раней вонкавай пагрозы не было. Папраўкі, якія фактычна змянілі сутнасць Канстытуцыі, улады Беларусі прынялі ўжо ў 1996 годзе.

СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК, ДЭПУТАТ ВС ХІІ СКЛІКАННЯ:
“Гэтая канстытуцыя ператварылася ў шырму. Яна ёсць, але яна не мае ніякага значэння. Сёння вырашае ні Канстытуцыя, ні законы”.

А вырашае выключна прэзідэнт, воля якога праз змены ў Канстытуцыі стала вышэй за галоўны закон краіны. Аднак напярэдадні Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў пра неабходнасць зменаў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Нам рана ці позна давядзецца прымаць новую Канстытуцыю. Канстытуцыю не пераходнага перыяду, а сфармаванага на якісьці перыяд часу нашай дзяржавы”.

У краіне цяпер сапраўды шмат чаго супярэчыць палажэнням цяперашняй Канстытуцыі. Напрыклад, расейскія вайсковыя базы, якія фармуюцца ў нашай краіне.

ПРАТЭСТОЎЦЫ:
“Не вайсковым базам!”

Супярэчыць Канстытуцыі і парушэнне правоў ды свабод грамадзянаў.

За 20 гадоў кіравання дзейнай улады нічога не змянілася – улады як не абаранялі, гэтак і не абараняюць правоў грамадзянаў ды суверэнітэт краіны, упэўненыя тыя, хто прымаў 20 гадоў таму асноўны закон. Дык навошта тады яго мяняць?

МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ, БЫЛЫ СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ:
“Перарабляць Канстытуцыю нанова я не бачу ніякай неабходнасці. Я не бачу ніякіх зменаў. У нас як была савецкая ўлада ў нашай краіне, так яна і захавалася. Можа, нават не ў лепшым выглядзе, а ў больш горшым, чым яна была тады”.

А таму шмат хто з экспертаў мяркуе, што калі і мяняць Канстытуцыю, то дзеля скасавання ў ёй інстытуту прэзідэнцтва.

СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК, ДЭПУТАТ ВС ХІІ СКЛІКАННЯ:
“Утварэнне кішэнных прэзідэнтаў – гэта на 100 % – распрацоўка расейскіх спецслужбаў”.

Кіраўнік з неабмежаванымі паўнамоцтвамі – пагроза не толькі жыхарам краіны, але і самой дзяржаве. Бо адным чалавекам, што прымае рашэнні, лягчэй маніпуляваць, чымся парламентам.

СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК, ДЭПУТАТ ВС ХІІ СКЛІКАННЯ:
“Я хацеў бы сказаць пра Лукашэнку. Калісьці, калі ён быў яшчэ дэпутатам, ён хадзіў і ўсім расказваў, як яго прымалі на Лубянцы. І калі ён там пакляўся, што ён будзе расейскім, яны ўклалі ў яго грошы, усё на выбарах, каб ён стаў прэзідэнтам”.

І надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, на ключавыя пасады прызначыў нарадзінцаў Расеі, а гістарычныя сімвалы замяніў на савецкія.

А таму ў юбілей нашай Канстытуцыі асабліва востра адчуваецца, што ўсе гэтыя 20 гадоў мы рухаліся не наперад, а пад зАклікі ўладаў рабілі крокі назад.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары