У Менску затрымалі дзвюх каардынатарак праекту «Election Observation: Theory & Practice»


Ганна Аземша, інфармацыйны каардынатар, і Паліна Бродзік, каардынатар праекта, накіроўваліся на адукацыйныя трэнінгі наглядальнікаў за выбарамі.

Паводле ДАІ, прычынаю затрымання стала тое, што аўтамабіль «Пэжо» шэрага колеру адной з каардынатарак, Ганны Аземшы, праходзіць у зводцы ДТП. Аднак, на думку самой Ганны, зацікаўленасць працаўнікоў ДАІ вызвалі матэрыялы праекту для трэнінгаў, якія яна мела пры сабе.

Працаўнікі ДАІ агледзелі багажнік аўтамабіля, пералічылі колькасць усіх канцэлярскіх тавараў. Як паведаміла Ганна, праваахоўнікі нібыта шукалі “таварна-матэрыяльныя каштоўнасці”, на якія яна не мае правоў. Пры даглядзе прысутнічалі тры панятыя.

Таксама да дзяўчат на месца затрымання прыехала праваабаронца Алена Красоўская-Каспяровіч. Паводле яе, агляд праводзіўся карэктна, але тое, што гэта асабістыя рэчы каардынатарак праекту, нікога не цікавіла. «Гэта звязанае з выбарамі, якія надыходзяць. Перад выбарамі бываюць такія абвастрэнні, і ўсё гэта падобнае да цырку, калі ўсе гэтыя канцылярскія тавары прывязваюць да нібыта здзейсненага ДТП», – дадае Алена Красоўская-Каспяровіч.

Адукацыйныя матэрыялы сканфіскавалі.

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» перад выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, што адбудуцца 23 сакавіка 2014 года, падрыхтаваў відэа, у якім вядомыя беларускія асобы патлумачылі, навошта патрэбныя выбары і чаму на іх трэба ісці назіраць.

{movie}Стань назіральнікам за выбарамі! |right|15335{/movie}

У здымках роліка ўзялі ўдзел праваабаронцы, журналісты, музыкі, студэнты і грамадскія актывісты. Сярод іх – прадстаўнік «Белсату» і вядоўца курсаў «Мова ці кава» Алесь Залеўскі.

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» – не палітычны. Ён запрашае ўсіх грамадзянаў далучыцца да назірання за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў – 2014. Дастаткова запоўніць анкету на сайце, пасля чаго вам будуць дасланыя ўсе неабходныя матэрыялы для падрыхтоўкі ды іншая карысная інфармацыя. Усё пра выбары ў Беларусі, парады назіральнікам і зацікаўленым выбарцам можна знайсці на сайце eotp.info.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў