Расея накінула пятлю на шыі літоўскіх дастаўцаў


Расейскія ўлады не знаходзяць падтрымкі сваёй вайсковай аперацыі сярод былых саюзных рэспублік. І ўжо традыцыйна разыгрываюць эканамічную карту ў палітычнай гульні. Гэтым разам расейскую рынкавую блакаду адчула на сабе Літва.

Не прайшло, як кажуць, і паўгода пасля адмовы Расеі ўвозіць літоўскія малочныя прадукты, як рынак Літвы зноў церпіць удар ужо ад ненадзейнага партнёра.

Гэтым разам у Клайпедскім порце назапашваецца ўсё болей харчовага грузу, які Расея не жадае прымаць. Экспартныя кампаніі атрымалі лісты ад расейскага боку: перадача тавараў праз літоўскія і некаторыя іншыя тэрміналы немагчымая. Падобная блакада не пагражае эканамічным калапсам, аднак стане адчувальнай стратай для эканомікі невялікай краіны.

АЛЬГІРДАС БУТКЯВІЧУС, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ЛІТВЫ:Пакуль што мы не гаворым аб стратах, таму што толькі сёння атрымалі гэтую інфармацыю. Падлік можа быць вельмі просты. За год калі праз тэрміналы Клайпедскага порту рээкспартуецца і экспартуецца ў Расею больш за 1 мільён тонаў харчоў”.

Адначасова ветэрынарная служба Літвы атрымала папярэджанне ад сваіх расейскіх калегаў: усе харчовыя грузы будуць пераглядацца ў сувязі з вірусам афрыканскай чумы. Нагадаем, старшыня “Рассельгаснагляду” Сяргей Данкверт раскрытыкаваў захады Еўракамісіі што да змагання з чумою свіней і назваў іх “неадэкватнымі і неэфектыўнымі”.

Як сцвярджаюць прадстаўнікі чыгункі, гэты від перавозак блакада пакуль не закранае. Пятую частку ўсяго экспарту Літвы складае экспарт у Расею. Калі абмежаванні пашырацца, літоўская эканоміка рызыкуе сутыкнуцца з сур’ёзным выклікам.

Настасся Яўмен, Вільня, belsat.eu

Стужка навінаў