Масква перакруціла гісторыю з бойняю ў Данецку і гатовая «ўзяць людзей пад абарону»


У расейскім МЗС заявілі, што ўчора ў Данецку на «мірных дэманстрантаў», якія выступаюць супраць украінскіх уладаў, напалі праварадыкальныя групоўкі, узброеныя бітамі ды траўматычнаю зброяй.

«13 сакавіка ў Данецку адбыліся трагічныя падзеі, пралілася кроў. На мірных дэманстрантаў, якія прыйшлі на вуліцы гораду, каб выказаць сваё стаўленне да дэструктыўнай пазіцыі людзей, якія называюць сябе ўкраінскімі ўладамі, напалі праварадыкальныя групоўкі, узброеныя траўматычнаю зброяй і бітамі, якія напярэдадні пачалі з’язджацца у горад з іншых рэгіёнаў краіны. У выніку сутыкненняў маецца вялікая колькасць параненых, адзін чалавек загінуў», – гаворыцца ў заяве МЗС Расеі ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Данецку.

У расейскім Міністэрстве замежных справаў падкрэслілі, што кіеўскія ўлады не кантралююць сітуацыі ў краіне.

«Мы неаднаразова заяўлялі, што людзі, якія прыйшлі да ўлады ў Кіеве, мусяць раззброіць баевікоў, запэўніць бяспеку насельніцтва і законнае права людзей на правядзенне мітынгаў. На жаль, як паказваюць падзеі ва Украіне, гэтага не адбываецца, кіеўскія ўлады не кантралююць сітуацыі ў краіне», – падкрэслілі расейскія дыпламаты.

У заяве адзначаецца, што Расея «ўсведамляе сваю адказнасць за жыцці суайчыннікаў і суграмадзянаў ва Украіне ды пакідае права ўзяць людзей пад абарону».

Як паведамляюць сведкі падзеяў, 13 сакавіка ў Данецку агрэсіўна настроеныя расейскія актывісты напалі на мітынгоўцаў за адзінства Украіны. Паводле розных звестак, загінула ад адной да трох асобаў, каля паўсотні людзей атрымалі траўмы.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў