Жорсткая бойка ў Данецку на антываенным мітынгу. Паведамляюць пра 3 загінулых, 50 параненых


Мінімум трое загінулых падчас сутыкненняў у Данецку паміж прарасейскімі актывістамі ды мітынгоўцамі за адзінства Украіны, паведамляе news.liga.net.

А першай ночы unian.net паведаміла пра дзве пацверджаныя медыкамі смерці. 22-гадовы мужчына, жыхар Данецку, памёр у карэце хуткай дапамогі ад нажавога ранення. Загінулы быў прэс-сакратаром мясцовай ячэйкі партыі «Свабода».

Усяго звярнуліся да медыкаў 17 чалавек, з якіх дваім аказалі дапамогу на месцы ды адпусцілі дадому, дваіх даставілі ў абласную траўматалогію, аднаго – у гарадскі шпіталь нумар 17, адзінаццаць – у нейрахірургію.

Як паведамляе ТСН, карэты хуткай дапамогі ледзь паспявалі забіраць параненых. У шмат каго з іх былі прабітыя галовы, траўмаваныя вочы ад удараў металічнымі прутамі.

{movie}Гвалт у Данецку|right|15326{/movie}

Пацярпелыя ў выніку бойкі ёсць з абодвух бакоў.

13 сакавіка з 18:00 да 19.00 у Данецку праходзіў мітынг падтрымання еднасці Украіны. Людзі самаарганізаваліся ў сацыяльных сетках і выйшлі на вуліцу, каб выказаць свой пратэст супраць агрэсіўнай палітыкі кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ды праяваў сепаратызму ва Украіне.

{movie}Прарасейскія актывісты здзекуюцца з мітынгоўцаў за еднасць Украіны|right|15325{/movie}

Больш за 1 тысячу агрэсіўных прарасейскіх актывістаў напалі на плошчы Леніна на ўдзельнікаў мітынгу за адзінства Украіны. Спачаткуа яны закідвалі сваіх апанентаў яйкамі, петардамі і дымавымі шашкамі, а калі мітынг скончыўся, пачалі збіваць удзельнікаў акцыі, якія сыходзілі.



Каля помніку Леніну прарасейскія актывісты хацелі зладзіць самасуд над адным з мужчынаў. Збітага спадара паставілі на калені ды паспрабавалі «судзіць» яго. Пры гэтым шмат хто з удзельнікаў прарасейскай акцыі выказаўся супраць самасуду. «Мы не фашысты», – казалі яны.

Умяшалася міліцыя і вывела пацярпелага. Яго адвялі ў карэту хуткай дапамогі.

Міліцыя затрымала найбольш агрэсіўных прарасейскіх актывістаў, якія заміналі правядзенню мітынгу за адзіную Украіну. Аднак 500 актывістаў прарваліся да аўтазака і пачалі патрабаваць выпусціць затрыманых. Яны разгойдвалі аўтазак і прабілі колы міліцэйскім машынам.

Міліцыя пад націскам прарасейскіх актывістаў адпусціла затрыманых.

{movie}Жорсткая бойка ў Данецку на антываенным мітынгу|right|15320{/movie}

{movie}Пацярпелыя падчас мітынгу за еднасць Украіны|right|15327{/movie}

{movie}Аповед пацярпелага падчас мітынгу за еднасць Украіны|right|15328{/movie}

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў