Героі не паміраюць. Як жывецца сям'і загінулага на Майдане?


Перадваенная сітуацыя ў Крыме перацягнула ўвагу ад кіеўскага Майдану. А тут колькасць ахвяраў, хоць рэвалюцыя і скончылася, усцяж павялічваецца. З сям’ёй байца Нябеснай сотні сустрэліся нашыя карэспандэнты.



Вуліца Інстытуцкая, якую цяпер называюць Герояў Нябеснай сотні. Менавіта тут адбыліся самыя крывавыя падзеі ўкраінскай рэвалюцыі, якія змянілі лёс Украіны і сем’яў, з Усходу да Захаду.

{movie} Героі не паміраюць (13.03.2014) |right|15319{/movie}

Кіеўскі Майдан цяпер – адзін вялікі мемарыял. Колькасць загінулых і тых, хто памёр пазней ад атрыманых тут ранаў, сёння павялічылася яшчэ на 2 асобы, цяпер гэта 103 асобы. З Кіева нашая здымачная група накіравалася на захад Украіны, у вёску Халаднаводка пад Львовам, каб сустрэцца з сям’ёй Міколы Панькова, забітага на Майдане 20 лютага.

ЛЕСЯ ПАНЬКОВА, ЖОНКА ЗАБІТАГА:

«Ён проста забіраў раненых… Ён кажа: я не магу цяпер размаўляць, бо я хачу забраць, там 2 хлопцаў забілі. Праз 10 хвілінаў я пазваніла, ужо не было сувязі, мне пазванілі іншыя людзі, сказалі, што ён паранены і яго забралі ў лякарню».



На гэтых здымках – апошнія хвіліны жыцця Міколы Панькова. Куля снайпера трапіла праз руку пад сэрца. На Майдан ён паехаў пяты раз, сеўшы на апошняе месца ў апошнім аўтобусе.

ЛЕСЯ ПАНЬКОВА, ЖОНКА ЗАБІТАГА МІКОЛЫ ПАНЬКОВА:

«Дома можна было ўтрымаць таго, хто не хацеў ехаць, але нельга ўтрымаць чалавека, які мае мэту, каб Украіна жыла лепш, каб будучыня дзяцей была лепшая. І яшчэ ў нас такая сітуацыя была ў краіне – хабар, страшэнны хабар, ён проста не мог ужо з гэтым мірыцца».

У Міколы засталіся дачка Юля і сын Тарас. Хлопец марыў стаць міліцыянтам, калі вырасце. У апошні раз бацька абяцаў прывесці сыну шлем беркутаўца. І Тарасу перадалі трафей.

ЛЕСЯ ПАНЬКОВА, ЖОНКА ЗАБІТАГА МІКОЛЫ ПАНЬКОВА:

«Гэта брат з братам ваяваў. У інтэрнэце я бачыла такое відэа: два браты, аднаму 25, у Беркуце працуе, а другому 20, ён зразумеў, што гэта не для яго, і ён стаяў на баку Майдану. Падышоў да брата і кажа: супраць свайго брата ваюеш, супраць сваёй дзяржавы. А той кажа: ідзі адсюль, бо я цябе застрэлю».

Новыя ўлады абяцаюць выплаціць сям’і героя 1 млн грыўняў, у некаторых рэгіёнах імёнамі загінулых ужо называюць вуліцы. У будучыні Леся хоча сустрэцца з сем’ямі байцоў Нябеснай сотні, але пакуль не да гэтага.

ЛЕСЯ ПАНЬКОВА, ЖОНКА ЗАБІТАГА МІКОЛЫ ПАНЬКОВА:

«Нас раз’ядноўвае ўлада. Людзі не раз’ядноўваюцца… Мы ў Крым прыязджалі на мора, я кажу: ты кажы па-расейску, я цябе разумею, мне цяжка казаць, у мяне няма практыкі, але ты кажы па-расейску, я па-ўкраінску, ты мяне разумееш, я цябе разумею, мы ж не дзелімся. У нас тут суседка нядаўна жыла з Беларусі, яна ўсё жыццё размаўляла па-беларуску, ёй ніхто слова не сказаў».

Цяпер ва ўкраінскіх школах шаўчэнкаўскія дні. У сям’і Міколы Панькова кажуць, што вершы паэта цяпер гучаць як прароцтва. «Устане праўда, устане воля, і Цябе, вялікі, будуць славіць усе народы, вавекі і векі».

Аркадзь Несцярэнка, Юрась Высоцкі, «Аб’ектыў», Кіеў-Львоў, belsat.eu

Стужка навінаў