Як СНД стала нядружнай садружнасцю. Ці ёсць сэнс у гэтай структуры?


Украіна сарвала сустрэчу намеснікаў міністраў замежных справаў СНД у Менску. Афіцыйны Кіеў адмовіўся браць удзел у заўтрашнім паседжанні пасля таго, як СНД з пачатку канфлікту ў Крыме адмаўлялася сабраць такое ж паседжанне на ўзроўні міністраў. А днямі ўкраінскае МЗС увогуле засумнявалася ў патрэбе свайго ўдзелу ў Садружнасці. І ўжо далёка не першы раз узнікла пытанне: ці ёсць сэнс у СНД?

Паводле ўкраінскага МЗС, на просьбы правядзення экстраннага паседжання ў СНД проста не адрэагавалі. Тым часам вырашэнне спрэчак паміж краінамі-ўдзельніцамі – гэта адна з асноўных функцыяў структуры, створанай на рэштках СССР. Цягам 23 гадоў існавання Садружнасці беларусам неаднаразова нагадвалі пра яе важнасць. Ці памятаюць яны пра гэта?

{movie} Наколькі дружная Садружнасць? (13.03.2014) |right|15318{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«СНД? А ёсць такая арганізацыя?»

«Што такое СНД? Не ведаю, выбачаюся».

«Гэта саюз. Як бы. Але як ён працуе… Хіба не вельмі эфектыўна».

«Па-мойму, гэта выключна фармальная нейкая арганізацыя. Нейкіх канкрэтных рашэнняў яны не прымаюць».

Канкрэтных рашэнняў не дачакалася ад Садружнасці і Украіна, якая, дарэчы, цяпер у ёй старшынюе. Але нягледзячы на заявы МЗС у Кіеве і зрыў сустрэчы намеснікаў міністраў замежных справаў у Менску, Кіеў заявіў сёння, што прынамсі ў найбліжэйшы час структуры не пакіне.

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

«Кіеў будзе спрабаваць выкарыстоўваць СНД як пляцоўку для адстойвання сваёй пазіцыі, прасоўвання сваёй пазіцыі ды толькі, калі гэта ўжо стане абсалютна немагчымае ў межах СНД, – магчыма, паставіць пытанне пра выхад».

Як калісьці не змагла ў гэткай сітуацыі дагрукацца да партнёраў Садружнасці Грузія. Праўда, сёння выхад з арганізацыі, дзе галоўны гулец – Расея, можа быць не такім лёгкім. Як заявіў учора Уладзімір Пуцін, Украіна і з СССР выйшла не зусім законна. А што трымае нашую краіну ў Садружнасці, галоўны ўдзельнік якой фактычна захоплівае частку іншага ўдзельніка арганізацыі?

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:

«Расея – гэта наш рэсурсны прыдатак. І на гэтым, у прынцыпе, і выбудоўваецца ўся эканамічная стратэгія нашая. Каб мы не атрымлівалі нафты з Расеі, то не прадавалі б паліва ва Украіну ці, скажам, у Галандыю, і хутчэй за ўсё цэментавальная аснова – Расея».



Праўда, цяпер гэты эканамічны цэмент моцна разбаўлены расейскімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі. Гэтак, напярэдадні Кыргызстан паведаміў, што не лічыць Віктара Януковіча легітымным кіраўніком Украіны. Гэта пакуль адзіная такая заява на постсавецкай прасторы. Але ўлічваючы, што ніхто з сябраў СНД, прынамсі на афіцыйным узроўні, Масквы і не падтрымаў, высновы відавочныя.

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

«Несяброўскія дзеянні Расеі ў дачыненні свайго партнёра, партнёра ў тым ліку і ў межах СНД… Натуральна, што большасць кіраўнікоў дзяржаваў СНД адразу пачалі прымяраць на сабе магчымасць такіх дзеянняў».



Тым больш, што і іншая постсавецкая арганізацыя АДКБ, якая, паводле колішніх заяваў, мусіла быць усходнім аналагам НАТО, заявіла сёння, што не рыхтуе ніякай рэакцыі на падзеі ва Украіне. Што ж мусіць здарыцца на бяскрайніх прасторах СНД, каб сябры арганізацыі асмеліліся заявіць пра сваю жыццяздольнасць?

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў