Адной з украінскіх школаў нададуць імя беларускага героя Майдану


Сярэднюю школу ў сяле Букавець (Буковець) у Івана-Франкоўскай вобласці Украіны назавуць імем Міхаіла Жызнеўскага.

Надаць мясцовай школе імя загінулага падчас пратэстаў у Кіеве беларуса прапанавалі жанчыны і мужчыны з вёскі Букавець, якія самі былі на Майдане. Ініцыятыву падтрымаў мясцовы сельскі савет, падае старонка verchovyna.at.ua.

«Слава Герою! І вечная памяць усім Героям, якія аддалі сваё жыццё за лепшую будучыню ўва Украіне!» – напісалі аўтары старонкі verchovyna.at.ua.

Міхаіл Жызнеўскі – нарадзінец Гомля, які актыўна падтрымаў Еўрамайдан у Кіеве з першых дзён. Маладзён апошнія некалькі гадоў жыў у горадзе Белая Царква ля Кіева, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Соборна Київщина», быў прыхільнікам УНА-УНСО.

Міхаіл загінуў 22 студзеня 2014 года ад стрэлу ў сэрца ў раёне стадыёну «Дынама» на вуліцы Грушэўскага. Пахаваны ў вёсцы Знамя Працы пад Гомлем.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў