Вызначылі лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют»


У склад журы сёлета ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Павел Анціпаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў і шэраг іншых беларускіх літаратараў.

Зборнік «70 % воды» аўтарства Уладзя Лянкевіча стаў найлепшым у намінацыі «Паэзія».

Пальма першынства ў катэгорыі «Проза» дасталася Кацярыне Оаро і ейнай кнізе «Сарочае радыё». Як кажа аўтарка, аповесць расказвае «пра пошук праўды і беларускую падпольную журналістыку». Твор таксама намінаваны на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца.

У намінацыі «Найлепшы мастацкі пераклад» узнагароду падзялілі Кацярына Маціеўская з перакладам п’есы «Саламея» Оскара Ўайлда і Серж Мядзведзеў з перакладам кнігі «Байцоўскі клуб» Чака Поланіка.

Кнігу «Ліра спіралі» Дзмітрыя Дзмітрыева ўганаравалі адмысловым прызам за «дасягненні ў візуальнай камбінаторнай паэзіі».

Штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у 2010 годзе, уручаецца за дэбютны твор аўтарам, маладзейшым за 35 гадоў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў