За што на запыт FBI арыштавалі аднаго з найбагацейшых людзей Украіны?


Арышт бізнесоўца Дзмітрыя Фірташа ў Вене не звязаны з апошнімі падзеямі ўва Украіне. FBI палявала на багацея яшчэ з 2006 года, патлумачылі ў аўстрыйскай паліцыі.

«Увечары 12 сакавіка 2014 украінскага грамадзяніна арыштавалі ў раёне Маргарэтэн гораду Вена афіцыйныя асобы кіраўніцтва барацьбы з арганізаванайюзлачыннасцю і сілы падраздзялення COBRA», – гаворыцца ў паведамленні федэральнай паліцыі Аўстрыі.

Паводле аўстрыйскіх медыяў, бізнесоўца ўзялі пад варту на вуліцы недалёка ад офісу ягонай кампаніі «Group DF». Паводле іншых звестак, яго спынілі на праезнай частцы блізу месца жыхарства. Затрыманне прайшло спакойна, Фірташ і ягоныя целаахоўнікі не аказвалі супраціву, падае паліцыя. Паводле яе, бізнесовец быў у вышуку з 2006 года і абвінавачваецца ў хабарніцтве ды стварэнні злачыннай супольнасці.

Паводле аўстрыйскага заканадаўства, бліжэйшым часам мусяць прызначыць слуханне справы аб экстрадыцыі, якое разглядаецца ў зямельным судзе. Фірташ займае чацвёртае месца ў рэйтынгу самых багатых людзей Украіны, ягоная маёмасць ацэньваецца на $ 3,3 млрд.



У 2004 годзе ўкраінскі бізнесовец супольна з расейскім «Газпромам» стварыў кампанію «Росукрэнерго» для ажыццяўлення транзіту газу ўва Украіну і ў краіны ЕЗ.

Асноўным актывам Фірташа на сённяшні дзень застаецца група кампаніяў «Group DF», якія займаюцца выпускам хімічных угнаенняў. Акрамя таго, Фірташу належыць медыяхолдынг «Inter Media Group», які кантралюе ўкраінскія тэлеканалы «Інтэр» , «Інтэр +», К1 , К2 , «Мега» ды іншыя.

Імя бізнесоўца часта згадвалася ў сувязі са справаю Сямёна Магілевіча – крымінальнага аўтарытэта, улучанага ў спіс самых значных асобаў, якiх шукае FBI. Фірташ адмаўляе сувязь з арганізаванай злачыннасцю.



МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў