Украіна не выключае ўварвання расейцаў з боку беларускай мяжы


Узброеныя сілы Украіны плануюць правесці ваенныя вучэнні ў пунктах магчымага ўварвання расейскіх войскаў – у Адэскай вобласці (уварвання чакаюць з Прыднястроўя і з Чорнага мора), у Херсонскай вобласці (уварванне з Крыму), а таксама на ўсходніх і паўночных рубяжах на мяжы з Расеяй і Беларуссю, дзе размешчаныя вайсковыя базы РФ. Пра гэта паведаміў украінскі рэсурс «ЛігаБізнесІнфарм» са спасылкаю на ўласныя крыніцы.

Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняў шэраг рашэнняў у ваеннай сферы, адно з якіх – дэталёвы план абароны краіны ад вонкавага і ўнутранага агрэсара. План прадугледжвае ўзмоцненую абарону паўднёвых, усходніх і паўночных межаў. Галоўны козыр – сілы НАТО. Паводле звестак рэсурсу, саюзнікі пагадзіліся падтрымаць Украіну ў момант неабходнасці. Дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту прэм’ер-міністра Арсенія Яцэнюка ў Брусель.

У цэлым план дзеянняў новай улады складаецца з некалькіх кірункаў, кожны з якіх мае дапамагчы стабілізаваць сітуацыю ў дзяржаве і ўмацаваць абароназдольнасць краіны. «Рэалізацыя плану абмежаваная ў тэрмінах: уварванне расейскіх войскаў на мацерыковую частку Украіны можа пачацца ў любы момант», – заявіла крыніца.

Асноўная цяжкасць рэалізацыі плану – унутраныя праблемы. «На працягу апошніх чатырох гадоў Януковіч ствараў глебу для ўварвання ў краіну і правакацыяў у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах гастралёрамі з Расеі. Разбуранае літаральна ўсё: Служба бяспекі, Мінабароны, Генштаб, разведка. Януковіч планамерна знішчаў абарону краіны і засяліў кабінеты агентамі расейскіх спецслужбаў», – паведаміла яшчэ адна крыніца.

Лукашэнка патрабуе «рэагаваць адэкватным чынам»

12 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прапаноўвае Расеі размясціць у сябе дадаткова да 15 самалётаў у сувязі з актыўнасцю НАТО. «Мы апошнім часам, і гэта факт, назіраем эскалацыю канфлікту. Гэтая эскалацыя адбываецца ўжо не ў Сірыі, не ў Лівіі і не ў Іраку. Гэта ўжо каля нашых межаў, гэта ўжо закранае нашыя інтарэсы, і мы як мышы пад венікам сядзець не маем права», – сказаў ён.

«Мы будзем рэагаваць на ўсё адэкватным чынам. Калі НАТО прыняла для сябе рашэнне разам з амерыканцамі нарошчваць каля нашых межаў групоўку вайскова-паветраных сілаў, мы што, мусім за гэтым назіраць? Калі яны перакінулі ў Літву дадаткова паўдзясятка знішчальнікаў-перахопнікаў ці яшчэ нейкіх самалётаў, і тыя дзеюць каля нашых межаў, мы дзеем адэкватна. Ужо дзеем. Такое даручэнне міністр абароны атрымаў даўно, і яно, як ён мяне інфармуе, выконваецца», – сказаў Лукашэнка.

У той жа час ён падкрэсліў, што Беларусь не перарывае ніякіх сувязяў з Украінаю. «Ва Украіне ёсць палітыкі, якія ўзяліся вырашаць праблемы ўкраінскага народу. Мы ні ў якім разе ім не перашкаджаем. Больш за тое, мы не перарывалі ніякіх сувязяў з Украінаю, найперш эканамічных. Мы заўсёды ішлі насустрач пажаданням украінскага бізнесу і цяпер так робім».

Дзмітрый Уласаў / МЛ, БелаПАН

Стужка навінаў