«Калі лёгка набыць у інтэрнэце наркотык, то чаму ніхто не вылічыць дылераў?»


З транзіцёра – у спажыўцы. Наркатычныя рэчывы ўжо не толькі праходзяць праз нашую краіну, але і асядаюць тут. У Беларусі імкліва расце попыт на моцныя наркатычныя хімічныя рэчывы, што паступаюць з Азіі. Але пра праблему афіцыйна загаварылі толькі пасля таго, як наркотыкі пачалі забіваць сталічную моладзь.

Міліцэйскае ўпраўленне наркакантролю актывізавалася. Але рашучыя заявы прагучалі толькі пасля сёмага смяротнага выпадку ў выніку перадазавання псіхатропамі. Такая колькасць ахвяраў наркотыкаў – у адным толькі Менску і ўсяго за апошнія два месяцы.
{movie}Наркотыкі забіваюць |right|15300{/movie}
ЯЎГЕН АБРАМОВІЧ, ГУУС МЕНГАРВЫКАНКАМУ:
“Выдадзены супольны загад камітэту адукацыі ды Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў гораду Менску аб узмацненні захадаў дзеля супрацьдзеяння распаўсюду і ўжыванню наркатычных сродкаў у моладзевым асяроддзі”.

За ўвесь мінулы год ахвярамі наркатычных рэчываў сталі шэсць асобаў. Праблема на афіцыйным узроўні практычна не ўздымалася, а тым часам наркатычныя рэчывы надзвычай хутка распаўсюджваліся ў сталіцы, колькасць жа дылераў расла. Самымі папулярным прадуктам сталі сінтэтычныя псіхатропы – гэтак званыя дызайнерскія наркотыкі.

ЯЎГЕН ВАЛОШЫН, ЖУРНАЛІСТ:
“Адзін грам парашку каштуе каля 850 тысяч рублёў. Але яго хопіць на як мінімум трыццаць дозаў. Столькі разоў можна спажыць, укалоцца гэтым парашком. Распушчаюць яго нават у звычайнай вадзе і колюцца. Вельмі нізкі кошт. Паўграма курыльнага міксу каштуе ўсяго 100 тысяч рублёў”.

Але галоўная прычына іх распаўсюду – у тым, што дызайнерскія наркотыкі рэкламуюцца дылерамі як легальны прадукт, хоць гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці. Наркатычныя рэчывы актыўна прадаюцца праз інтэрнэт. Таксама не праблема знайсці дылера і дамовіцца пра набыццё порцыі наркотыку. Журналісты недзяржаўных медыяў пэўны час акцэнтавалі на гэтым увагу. І гэта сапраўды выклікае смерць.

СВЯТЛАНА СІВАКОВА, ЗАГАДЧЫЦА НАРКАДЫСПАНСЕРУ:
“Страта прытомнасці, моладзь затым трапляе ў шпіталь з атручваннем ад сінтэтычных канабіноідаў. Маладыя людзі адчуваюць галюцынацыі рознага кшталту, у тым ліку і пагрозлівага характару, і на тле гэтых галюцынацый магчымыя самагубствы”.

Дактары б’юць у набат, бо сучасныя сінтэтычныя наркотыкі выклікаюць фактычна імгненную залежнасць. Свядомасць асобы, памяць, канцэнтрацыя разбураюцца вельмі хутка. Таму і захады з боку дзяржавы мусяць быць аператыўныя і выключна жорсткія.

АЛЕГ ГАЙДУКЕВІЧ, БЫЛЫ МІЛІЦЫЯНТ:
“Бацькі, якія страцілі сваіх дзяцей праз гэтую поскудзь, якая гандлююць гэтымі рэчывамі, зразумеюць мяне: мусіць быць надзвычай жорсткае пакаранне, нават да смяротнага пакарання за гэтую з’яву”.

Тым больш што ў сталіцы з гэтаю з’яваю сутыкаюцца сапраўды досыць часта.

МІНАКІ:
“Як пішуць, лёгка можна набыць у інтэрнэце наркотык, то чаму ж тады ніхто не вылічае гэтых дылераў?”
“Я сустракаў асобаў, якія ўжывалі гэтыя наркотыкі. Скажу, што вельмі кепскае ўражанне”.
“Неяк нават на станцыі метро прапаноўвалі спайс”.
“Патрэбныя досыць сур’ёзныя захады ў гэтым кірунку, нават ураду краіны”.

Але пакуль гандаль не спыняецца. Прыбытак, які прыносіць продаж наркотыкаў дылерам, – гэта сотні мільярдаў рублёў.

ЯЎГЕН ВАЛОШЫН, ЖУРНАЛІСТ:
“Ужо амаль нічога легальнага ў нас няма. Але гандаль дызайнерскімі наркотыкамі працягваецца. Гэта вялізарныя, шалёныя прыбыткі, і людзі проста не могуць спыніцца. Да таго ж спажыўцоў цэлая армія”.

Расце і колькасць ахвяраў наркотыкаў. Вось толькі пра адказных за гэта ў міліцэйскіх зводках – няшмат. Зрэшты, не афішуе сваіх дзеянняў і спецслужба, у кампетэнцыі якой гэтыя пытанні. Няўжо таму, што працаўнікі КДБ занятыя цяпер зусім іншымі… злачынцамі.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

https://youtu.be/lHIrbg6BZQQ

Глядзі таксама
Каментары