Больш за 500 сем’яў выехалі з Крыму на Львоўшчыну


Украіна гатовая распачаць масавую эвакуацыю жыхароў Крыму ў выпадку вайсковай агрэсіі з боку Расеі, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Андрэй Парубій.

Украінская рэвалюцыя ў Львове перамагла з самага пачатку пратэстаў. Цяпер гэта адзін з найбольш стабільных рэгіёнаў, які прымае ўцекачоў з Крыму. Больш за паўтысячы сем’яў з Крымскай паўвыспы ўжо прыехалі на часовае пражыванне на Львоўшчыну. Сотні сем’яў працягваюць чакаць вымушанага пераезду.

{movie}Больш за 500 сем’яў выехалі з Крыму на Львоўшчыну |right|15288{/movie}

Уцекачоў з паўднёвых рэгіёнаў і Крыму гатовыя прыняць у мясцовыя інтэрнаты, санаторыі, прыватныя пансіянаты і гатэлі, а таксама наўпрост у сем’і.

Паралельна з гэтым тут ідзе мабілізацыя ў новаствораную Нацыянальную гвардыю. У Львове яе адрадзілі яшчэ ў часе зімовых пратэстаў, у склад Нацыянальнай гвардыі ўвайшлі людзі, якія валодаюць агнявою зброяй на легальных падставах і якія выказалі жаданне «абараняць украінскіх грамадзянаў».

У межах грамадскіх ініцыятываў тут заклікаюць байкатаваць расейскія тавары ў крамах на знак пратэсту супраць акупацыі расейскімі вайскоўцамі Крыму.

Львоў рыхтуецца таксама да вялікага канцэрту-рэквіему ў гонар герояў Нябеснае сотні – байцоў супраціву, якія загінулі падчас украінскай рэвалюцыі. На сёння гэта 101 чалавек, і колькасць іх можа яшчэ павялічыцца, бо шмат хто застаецца ў лякарнях.

Аркадзь Несцярэнка, “Белсат”, Львоў, belsat.eu

Стужка навінаў