Пуцін заявіў, што Украіна выйшла з СССР не зусім законна


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў народнаму дэпутату Украіны, былому кіраўніку меджлісу крымскіх татараў Мустафе Джэмілеву, што Украіна выйшла з СССР не зусім законна.



Пра гэта спадар Джэмілеў распавёў украінскім журналістам пасля тэлефоннай размовы з Пуціным, што адбылася пры садзеянні экс-прэзідэнта Татарстану Мінтымера Шайміева і працягвалася з паўгадзіны.

Былы кіраўнік меджлісу сказаў Пуціну, што вайсковае ўмяшальніцтва Расеі ў Крым парушае дамову аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, падпісаную краінамі-гарантамі – ЗША, Вялікай Брытаніяй і Расеяй – у 1994 годзе ў абмен на адмову Украіны ад ядравай зброі.

Расея, парушаючы гэтую дамову, стварае нагоду, каб яе парушылі іншыя краіны. «Кожная краіна, у якой ёсць фінансавыя магчымасці, будзе імкнуцца абзавесціся сваёй ядраваю зброяй, і Украіна не будзе выключэннем», – адзначыў Мустафа Джэмілеў у размове з Пуціным.

«У адказ на гэтую тэму – тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны – Пуцін сказаў, што самаабвешчанне незалежнай Украіны не зусім адпавядала савецкім нормам, якія прадугледжвалі працэдуру выхаду са складу СССР. Вось такая пазіцыя», – падкрэсліў спадар Джэмілеў.



МЯ, belsat.eu, паводле unian.ua

Стужка навінаў