Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі – «вораг інтэрнэту»


ААЦ, згодна з дакладам «Рэпарцёраў без межаў», ажыццяўляе цэнзуру ў інтэрнэце, шпіянаж за журналістамі і курыраванне правайдараў. Аб’яднанне заклікае «спыніць свавольства і паранойю ў сферы бяспекі».

Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» улучыла Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі (ААЦ) у лік арганізацыяў-ворагаў інтэрнэту. Штогадовы даклад, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы з цэнзурай у інтэрнэце, апублікавалі на сайце арганізацыі.

У спісе апынуліся і Упраўленне тэлекамунікацыямі (Пакістан), Агенцтва нацыянальнай бяспекі (ЗША), ФСБ (Расея), Міністэрства інфармацыі і камунікацыяў (В’етнам) і Дзяржаўнае бюро інтэрнэт-інфармацыі (Кітай).

Як зазначаюць аўтары дакладу, гэтыя ўстановы «ажыццяўляюць анлайн-рэпрэсіі ды замахваюцца на свабоду інфармацыі новымі тэхнічнымі метадамі», «перавышаюць свае першапачатковыя паўнамоцтвы» ды ажыццяўляюць цэнзуру.

«Каб пакласці канец гэтай абуральнай практыцы, трэба дзеяць. Таму «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі серыю рэкамендацыяў для ўрадаў і міжнародных арганізацыяў, каб спыніць свавольства і паранойю ў сферы бяспекі, якія можна назіраць вось ужо некалькі гадоў», – паведамляюць на сайце арганізацыі.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары