Лукашэнку пра Украіну ніхто не пытае


«Некаторыя, я паглядзеў апошнім часам і сёння раніцаю агляд сродкаў масавай інфармацыі, пачынаюць падчэпліваць нас: што, маўляў, Лукашэнка не саступае націску Крамля, пакуль трымаецца, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. – На мяне ніхто не цісне, ніякія Крамлі ды іншыя на мяне ніколі не ціснулі. Бо гэта, па-першае, бесперспектыўна ці, як кажуць дыпламаты, контрпрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць».

Гэткую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў на пасяджэнні Савету бяспекі.

«Я буду абараняць інтарэсы сваёй краіны ды дзеяць у строгай адпаведнасці з нашымі дамовамі, у тым ліку ў адпаведнасці з Дамоваю аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, дзе ў нас ёсць прамыя абавязкі, гэтак жа, як і ў Расеі. Мы ў гэтых адносінах будзем дзеяць», – заявіў Лукашэнка. «Больш за тое, – дадаў ён, – мы апошнім часам, і мы гэтага не хавалі, перабываем у пастаянным кантакце з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі. Мы абмяркоўваем розныя пытанні нашых узаемаадносінаў. Мы не можам абыходзіць бокам і гэтага пытання – яно пастаянна ў полі зроку і прэзідэнта Расеі, і прэзідэнта Беларусі».

Варта зазначыць, што напярэдадні, 11 сакавіка, адбылася тэлефонная размова Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла прэс-служба, кіраўнікі дзяржаваў «выказалі агульнае разуменне неабходнасці развіцця сітуацыі ў інтарэсах украінскага народу і ўсіх людзей, якія жывуць ва Украіне».

МЛ, паводле БелТА

Стужка навінаў