На журналістку завялі справу за пікет, пра які яна напісала


Журналістка Марына Маўчанава, якая працуе ў выданні «Бобруйский курьер» і супрацоўнічае з «Белсатам», пабывала на размове з міліцыянтамі.

Журналістка напісала пра пікет на падтрыманне Украіны, які праходзіў у Бабруйску 6 сакавіка.

У аўторак Марыне Маўчанавай патэлефанаваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму маёр міліцыі Сяргей Рудзько ды запатрабаваў з’явіцца да яго для складання пратаколу. Журналістка адказала, што прыйдзе толькі калі атрымае позву, якую ёй пасля і даслалі.

Марына распавяла «Белсату», што на яе завялі адміністратыўную справу паводле артыкулу адміністратыўнага кодэксу 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання». Сёння склалі пратакол апытання, а 17 сакавіка яна мае прыйсці зноў – для складання пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні.



У пікеце бралі ўдзел дзве асобы
: бабруйчанка Галіна Смірнова і ейны знаёмы. Напярэдадні жанчына падавала заяўку ў выканкам, які ў правядзенні акцыі адмовіў. Тым не менш жанчына выйшла на вуліцы Бабруйску. Пікет прайшоў спакойна. Галіне і ейнаму сябру ніхто не перашкаджаў прайсці з расцяжкаю па адной з буйных вуліцаў гораду. Аўтамабілі, што праязджалі міма, сігналілі. Калі Галіна была каля свайго дому, побач спынілася міліцэйская машына.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў