У Гомлі з’явіліся свае «цітушкі»


Хуліганы напалі на пікет кандыдата ў дэпутаты ад АГП, які пратэставаў супраць вайны ва Украіне.

11 сакавіка кандыдат у дэпутаты гарсавету, сябра АГП Зміцер Карпенка праводзіў дазволены агітацыйны пікет. На адным з плакатаў ён напісаў: «Кандыдат Зміцер Карпенка – супраць вайны, за Украіну!»

Пікет праходзіў на дазволенай пляцоўцы каля ДК «Фестывальны» ў Савецкім раёне. Спачатку насупраць пікета стаяў міліцэйскі аўтамабіль, потым ён з’ехаў, і праз колькі хвілінаў з’явіліся хуліганы, якія напалі на кандыдата.

Двое маладзёнаў «спартовай аблічнасці» пачалі пагражаць кандыдату, кідацца на яго, лаяцца матам. Большасць іх прамовы складала брудная лаянка і пагрозы. «Ты хочаш вайну, …? Майдан нам тут хочаш распачаць, …?! Едзь, …, ва Украіну і там рабі Майдан, стой там з плакатам! – крычалі невядомыя і кідаліся ў бойку. – Не стой тут! Прыбяры свае плакаты, …!»

Невядомыя сварыліся, лаяліся, кідаліся біцца, затым селі ў аўтамабіль, які стаяў побач, і назіралі за пікетам. Потым ізноў выскачылі, пачалі абражаць кандыдата, называць яго «фашыстам» і забралі плакат.

Варта заўважыць, што некаторыя мінакі нервова рэагавалі на пікет. Напрыклад, адзін пенсіянер пачаў крычаць, што «вайну Амерыка развязвае, ва ўсім Амерыка вінаватая!». Адна пенсіянерка спыталася: за каго кандыдат у дэпутаты? Зміцер Карпенка адказаў, што ён «за мір ва ўсім свеце». «А, значыць вы за Украіну», – зрабіла выснову пенсіянерка.

АК, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары