Ігар Ценюх: Сітуацыя ўва ўкраінскай арміі складаная. Змагацца гатовыя толькі 6 тысяч салдатаў


Украінская армія скончыла вайсковыя манеўры. Іх вынікі нездавальняльныя, прызнаўся на нарадзе Вярхоўнай Рады выканальнік абавязкаў міністра абароны Украіны Ігар Ценюх.

Паводле міністра, у сухапутных войсках, дзе служаць 41 тысяча салдатаў, да баявых дзеянняў і абароны гатовыя толькі 6 тысяч салдатаў.

Ценюх заявіў, што не мае ніякіх прававых падстаў, каб пачаць украінскімі сіламі вайну ў Крыме. «Расея адмаўляе, што яе войскі перабываюць на паўвостраве. Не абвешчана ваеннага становішча, без якога выкарыстанне ўзброеных сілаў – незаконнае і цягне за сабою крымінальную адказнасць», – растлумачыў ён.

Тым часам Міністэрства замежных справаў Украіны ацаніла колькасць расейскага кантынгенту ў Крыме на 18 780 чалавек, з якіх 11 370 – службоўцы Чарнаморскага флоту Расеі, 2350 марскіх пехацінцаў і больш за 7400 вайскоўцаў іншых аб’яднанняў і фармаванняў узброеных сілаў.

Вакол ўсходніх межаў Украіны ды ў Крыме узброеныя сілы Расейскай Федэрацыі, якія праводзяць вучэнні, разгарнулі групу вайскоўцаў колькасцю 220 тысячаў чалавек. У распараджэнні Расеі – 1800 танкаў, больш за 400 верталётаў, 150 самалётаў і каля 60 караблёў.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары