Колькасць ахвяраў ужывання «дызайнерскіх» наркотыкаў у Беларусі расце


За два сёлетнія месяцы ад перадазавання псіхатропнымі рэчывамі ўжо памерлі 7 маладых людзей. І гэтыя ахвяры – не апошнія, адзначаюць следчыя і таксіколагі.

Паводле Змітра Канапляніка, начальніка ўпраўлення Следчага камітэту па Менску, для «ўсіх выпадкаў уласцівы аднолькавы характар: усе загінулыя ўжывалі адно і тое ж рэчыва, набывалі «маркі» праз інтэрнэт, аплачвалі праз электронны кашалёк».

Апошні няшчасны выпадак адбыўся 8 сакавіка. Пасля ўжывання «марак» хлопец з дзяўчынаю сягнулі з 6-га паверху.

Эксперты адзначаюць, што «маркі» вырабляюцца саматужным спосабам, бо псіхатропнае рэчыва нанесенае на іх ў рознай канцэнтрацыі.

За распаўсюд зелля ўжо распачалі сем крымінальных справаў і затрымалі дваіх жыхароў Бабруйску, якія могуць быць датычныя да дзвюх смерцяў. Таксама скончылася расследаванне ў дачыненні некалькіх жыхароў Горадні, якія абвінавачваюцца ў распаўсюдзе псіхатропаў у беларускай сталіцы.

Чакаецца, што неўзабаве паўстане Міжведамасная антынаркатычная камісія, якая дапаможа развязаць праблему з новымі складамі псіхатропаў. Пасля яе стварэння любы сінтэтычны наркотык, увезены ў Беларусь, будзе ўлучацца ў спіс забароненых практычна адразу па з’яўленні, тады як цяпер для гэтага неабходна каля двух-трох месяцаў.

ДР, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары