Крымскія татары: Мы маглі б з турэцкім сцягам патрабаваць далучэння да Турцыі


Новыя ўлады ў Сімферопалі абяцаюць крымскім татарам пашырэнне правоў – пасля далучэння аўтаноміі да Расеі. Гаворка вядзецца пра месцы ў Кабінеце Міністраў і нават наданне дзяржаўнага статусу іхнай роднай мове. Але ці гэтага хочуць татары?

Яшчэ 20 гадоў таму на гэтым месцы было чыстае поле. Каб сваю колішнюю зямлю атрымаць ва ўласнасць, крымскім татарам трэба было літаральна ляжаць на асфальце перад мясцовым гарадскім выканкамам. Цяпер мясцовыя жыхары, карэннае насельніцтва, крымскія татары, кажуць, што ім зноўку пагражае небяспека.

{movie}Крым — татарскі|right|15264{/movie}

З Мусою Татаравым мы знаёмімся ў мячэці Бахчысараю. Перад намазам тут глядзяць навіны праз інтэрнэт. Муса глядзіць і “Россию 24” і крымскі тэлеканал ATR. Высновы робіць сам. З мячэці запрашае ў дом свайго старэйшага сына. Распавядае пра сям’ю і Крым.

МУСА ТАТАРАЎ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

“Крым – гэта з крымскататарскай мовы, група цюркская, у перакладзе на расейскую мову – краіна, за якую ўвесь час ідуць войны”.

Яшчэ на ганку Муса распавядае, як будавалі дом дэпартаваныя ў Сярэднюю Азію ягоныя бацькі. Перадусім рабілі вялікі бетонны склеп, каб можна было хавацца. Тут пабудавалі тое самае, на чорны дзень, які неўзабаве можа настаць.

МУСА ТАТАРАЎ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

“Калі дадуць гэтаму бязмежжу ход, то мала не пакажацца і Турцыі, калі Крым возьмуць, наступная будзе Украіна, гэта 100 %. Далей – Польшча. У першы час на Гітлера таксама не звярнулі ўвагі”.



Размоваў пра палітыку, пра будучы рэферэндум тут не магчыма абмінуць. Пра расейскіх салдатаў размаўляюць усе навокал. Дзеці ў школе гуляюць ва ўкраінскіх і расейскіх жаўнераў.

КРЫМСКІ ШКОЛЬНІК:

“Гулялі ў першым, другім класе ў вайнушкі. …Я быў за Украіну”.



Ва Украіну Муса з сям’ёю прыехаў яшчэ ў 1970-ыя, але ў Крым ён змог вярнуцца толькі ў 1990-м годзе.

МУСА ТАТАРАЎ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

“Сёння пытаюцца, як ставіцеся да расейцаў. Як можна разважаць пра людзей, якія ўвялі войскі без дазволу, без нічога і сёння пачынаюць падманваць людзей, гэта не яго войскі, а што мы тут не бачым, чые гэта войскі, ці ўсе дурні навокал, а яны адныя разумныя? Такога не бывае”.

Рэферэндуму аб далучэнні да Расеі крымскія татары не прызнаюць, сябе лічаць грамадзянамі Украіны ды спадзяюцца на міжнародную супольнасць, якая мусіць спыніць анексію Крыму расейскімі ўладамі.

МУСА ТАТАРАЎ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

“Калі Крым пяройдзе да Расеі, я свайго меркавання не згублю. Калі будзе ціск і працягнецца генацыд, я ў сваім узросце буду супрацьстаяць, мне губляць няма чаго, я ў сябе на Радзіме. Другі раз высылкі я не дазволю, пакуль буду жывы, калі мяне мёртвым адсюль вывезуць, то вывезуць”.

Муса кажа, што таксама мог бы выйсці з турэцкім сцягам і патрабаваць далучэння да Турцыі. Але ў Крыме, дзе жывуць дзясяткі нацыянальнасцяў, пытанні будучыні паўвыспы трэба развязваць праз дыялог, які немагчымы пад рулямі расейскіх аўтаматаў.

Юрась Высоцкі, Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, Крым, belsat.eu

Стужка навінаў