Як разгорнуцца падзеі ў Крыме? Тры сцэнары


Кіраўніцтва Міністэрства абароны Украіны разглядае 3 варыянты далейшага развіцця сітуацыі ў Крыме і рэагавання на яе Узброеных сілаў Украіны, пра гэта паведаміў намеснік міністра абароны Украіны Пётр Мяхед на спатканні з актывістамі ініцыятывы «Інфармацыйны супраціў».

Прадстаўнік ініцыятывы і кіраўнік Цэнтру ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук падаў са словаў намесніка міністра 3 магчымыя сцэнары падзеяў у Крыме:

1. Мірны перамоўны працэс. Гэты варыянт найбольш вітаецца ўладамі Украіны, якія чакаюць таксама ад Расеі імкнення да мірнага дыялогу.

2. Эскалацыя канфлікту ў Крыме ў выніку дзеянняў з боку праціўніка. У гэтай сітуацыі Узброеныя сілы Украіны пяройдуць у стан поўнай баявой гатовасці, разгорнуць сілы і сродкі ды перакрыюць кірункі выхаду суперніка на мацерыковую частку Украіны.

3. Узброеная агрэсія з боку праціўніка са спробаю расейскіх войскаў выйсці на мацерыковую частку Украіны. У гэтым выпадку ўкраінскае войска мае намер даць адпор агрэсару з паралельным шырокім задзейнічаннем міжнародных інструментаў і зваротамі да ЕЗ, НАТО, а таксама да краінаў-партнёраў у міжнароднай супрацы.

Цяперашні выхад вайсковых падраздзяленняў Украіны з месцаў сталай дыслакацыі – гэта правяранне боегатовасці ўкраінскай арміі, якая доўгі час фактычна знішчалася, патлумачыў намеснік міністра абароны Пётр Мяхед.

Увод дадатковых украінскіх войскаў у Крым, паводле Мяхеда, не разглядаецца, бо гэта магло б выклікаць паўнавартаснае ўзброенае супрацьстаянне Украіны з Расеяй і гібель людзей.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары