У Крыме невядомыя знішчаюць пашпарты грамадзянаў Украіны


У Крымскай аўтаноміі зафіксаваныя спробы знішчыць пашпарты грамадзянаў Украіны, якія належаць крымскім татарам, заявіў лідар меджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў.

«З’явіліся нейкія навацыі, калі ў некаторых месцах людзі, якія рэпрэзентуюцца працаўнікамі сацыяльных або камунальных службаў, а таксама ўчастковымі, хоць і без формы, просяць людзей паказаць пашпарты, а потым або забіраюць іх, або спрабуюць знішчыць [на месцы – belsat.eu]», – сказаў спадар Чубараў падчас круглага стала на тэму «Крым і Украіна заўтра» ў Кіеве.

У сувязі з гэтым грамадзянаў заклікалі паказваць дакументы толькі людзям у форме і з апазнавальнымі знакамі.

Лідар меджлісу таксама распавёў, што ў панядзелак у Крыме працягваюцца захопы воінскіх частак, «такія дзеянні адбываюцца ў Бахчысараі».

Між тым, Сімферопальскі гарвыканкам папярэджвае жыхароў сталіцы Крыму пра правакатараў, якія пад выглядам чальцоў камісіі ў правядзенні рэферэндуму забіраюць у сімферопальцаў пашпарты або іх псуюць.

«Невядомыя, атрымаўшы іх [пашпарты – belsat.eu] у рукі, або ўцякаюць з дакументам, або ірвуць іх, прыводзячы ў непрыдатнасць», – паведаміў прэс-цэнтр Сімферопальскага гарадскога савету са спасылкаю на скаргі, якія паступілі ў выканкам, і званкі занепакоеных жыхароў гораду на тэлефон аператыўнай службы мэра.

«Паважаныя сімферопальцы! Гэтак чыняць правакатары, чыя задача сарваць рэферэндум у Крыме або любымі спосабамі перашкодзіць законнаму праву жыхароў Крыму на волевыяўленне… Памятайце, што ніякага дадатковага правярання пашпартоў для рыхтавання рэферэндуму не патрабуецца! Ваш пашпарт неабходна паказаць толькі пры атрыманні бюлетэню на ўчастку для галасавання на месцы жыхарства», – гаворыцца ў паведамленні.

Пра атмасферу ў Крыме распавядае Эмінэ Авамілева, меджліс крымскататрскага народу.

На ейную думку, рыхтаванне да «рэферэндуму» ідзе вельмі агрэсіўна.

{movie}Эмінэ Авамілева: Гэта дэмакратыя пад рулямі аўтаматаў|right|15253{/movie}

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by
https://youtu.be/ycm01tW8V4g

Глядзі таксама
Каментары