Неабыякавых – пакараць. Затрыманні ды звальненні актывістаў у Гомлі


Два выпадкі ціску на грамадскіх актывістаў у Гомлі.

Каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Досыць піць – трэба жыць» Дзмітрыя Карашкова звольнілі з «Гомельскага ДСК», дзе паўтара года ён працаваў машыністам. Сам актывіст называе звальненне палітычна матываваным.

«Звальненне было паводле фармальнай прыкметы, я на тры змены замяніўся з калегам – у нас на прадпрыемстве гэта звычайная практыка. Я і сам неаднаразова падмяняў калегаў. Кіраўніцтва расцаніла гэта як прагул, і я мяне звольнілі. Да гэтага мяне неаднаразова выклікала кіраўніцтва і аказвала ціск, пагражала звальненнем праз маю актыўную грамадскую дзейнасць», – кажа актывіст.

Дзмітрый Карашкоў ужо падрыхтаваў скаргу і збіраецца накіраваць яе ў суд.

Актывіст – адзін з ініцыятараў правядзення грамадскіх слуханняў аб забароне продажу алкаголю ў крамах, якія размяшчаюцца каля школ. Раней за правядзенне антыалкагольнага адзіночнага пікету Дзмітрыя Карашкова пакаралі штрафам памерам 10 базавых велічыняў.

Тым часам у Гомлі міліцыя затрымала яшчэ аднаго грамадскага актывіста, удзельніка кампаніі «Абараняй сваё» Андрэя Папова. Цяпер яго апытваюць у РАУСе Савецкага раёну. Мужчына займаўся распаўсюдам інфармацыйных буклетаў «Не дай сябе развесці» у прыватным сектары Савецкага раёну Гомля.

У матэрыялах размешчаны зварот і перасцярога да ўладальнікаў прыватных дамоў «не стаць спадчыннікамі справы Піліпца».

Віктар Піліпец – былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму. Былога чыноўніка, справа якога цяпер разглядаецца ў судзе, абвінавачваюць у махінацыях з кватэрамі ў новабудоўлях, якія прызначаліся ў якасці кампенсацыі за знесеныя прыватныя дамы.

ДР, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары