STARавіны. Сустракаюць па вопратцы…


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як адзяваліся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

У папярэднім эсэ мы абяцалі распавесці пра вопратку. Несумненна, што яна робіць чалавека больш прыгожым, надае яму нейкія асабістыя рысы і дадае каларыт да іміджу.

У лютым 1913 года магілёўская крама Б. З. Мірскага да зімняга сезону прапаноўвала пакупнікам вялікі выбар мужчынскіх і жаночых футравых шапак, каракулевых, коцікавых, бабровых ды іншых модных футраў. У продажу былі: гаржэткі, муфты, фуфайкі, кальсоны, шкарпэткі, спадніцы, блузкі, капоты і мацінэ, паліто і гарнітуры мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя, бялізна, гальштукі, кашнэ, парасоны ды розныя дарожныя рэчы. А калі гэтая крама не задавальняла пераборлівага пакупніка, дык можна было пайсці ў зноў адкрытую варшаўскую краму гатовай мужчынскай вопраткі на вул. Вялікая Садовая, дзе быў «покрой элегантный, цены умеренныя».

Польская крама паненскіх капелюшоў і галаўных убораў «Au Bon Gout» (існуе з 1861 года) у Магілёве нарыхтавала выбар восеньскіх капелюшоў даступных коштаў. Абутак таварыства Санкт-Пецярбургскай Механічнай вытворчасці «Скороход» і іншых расейскіх ды замежных фірмаў можна было знайсці ў краме У. З. Кічына.

Тыя, хто не хацеў насіць крамнай вопраткі, маглі замовіць яе ў краўцоў. Магілёўская краўчыха дала аб’яву пра пошук працы дома. Яна ўмела шыць паводле найноўшых часопісаў верхнія і ніжнія сукенкі. Гарадзенскі жаночы кравец І. Пац мог зрабіць «плісіроўку дамскіх сукенак», а мужчынскі кравец М. Розенфельд «прымаў розныя заказы». У Горадні майстэрні мужчынскай вопраткі А. Туранскага ды І. Армана «принимали всевозможные заказы», на вул. Калажанскай працавала вышывальная майстэрня («Наше утро», № 164). Трыкатажныя жакеты, капелюшы, палярыны прапаноўвалі звязаць у магілёўскай майстэрні пры краме Р. І. Гальмштока.

Матэрыялы для прыватнага індывідуальнага пашыву можна было набыць у крамах. Суконна-мануфактурная крама Х. Злацінай у Магілёве мела ў продажы вялікі выбар мужчынскіх і дамскіх матэрыялаў расейскіх і замежных фірмаў: сукно, драп, трыко, плюш, шоўк, шэрсць, палатно, вельвет, уніформавых матэрыялаў для ўсіх навучальных установаў (для мундураў, у якіх хадзілі вучні). Другая суконная крама М. І. Навасельскай прапаноўвала найноўшыя модныя матэрыялы расейскіх і замежных фабрык для паліто і гарнітураў.

Памятайце, што сустракаюць па вопратцы, але праводзяць па розуме!

Вячаслаў Швед

Стужка навінаў