Берасцейскі гарвыканкам забараняе салідарнасць з украінцамі


Берасцейскі гарвыканкам забараніў шэсце на знак салідарнасці з украінскім народам, якое планавалася правесці 10 сакавіка.

Як паведаміў заяўнік акцыі, старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзімір Вуек, шэсце планавалася з 12:00 да 13:00 па праспекце Машэрава і вуліцы Леніна да плошчы Леніна. Меркавалася, што ў ім возьмуць удзел не больш як 15 асобаў.

«З адказу гарвыканкаму на маю заяўку вынікае, што маршрут шэсця праходзіць бліжэй чым 50 м ад адміністрацыйных будынкаў, а гэта забароненае законам «Аб масавых мерапрыемствах». З аналагічным матываваннем чыноўнікі не дазволілі нам правесці шэсце дзеля падтрымання Еўрамайдану 21 снежня», – сказаў Вуек.

Гэтыя забароны ён расцэньвае як парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзянаў на мірныя сходы, пікеты, вулічныя шэсці ды свабоднае выказванне меркавання. «Мы маем намер абскардзіць рашэнне гарвыканкаму наконт нашай заяўкі на акцыю 10 сакавіка. Будзем матываваць свае дзеянні тым, што ў 2013 годзе берасцейскія ўлады дазволілі прадстаўнікам дэмакратычных сілаў правесці па такім жа маршруце першамайскую дэманстрацыю. Тады ў ёй узялі ўдзел больш як 100 асобаў», – зазначыў Уладзімір Вуек.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары