ЦВК на абвінавачанні ў фальсіфікацыях адказвае афарызмамі


Кандыдат у дэпутаты Магілёўскага гарсавету Аляксей Паўлоўскі ды ягоная ініцыятыўная група запатрабавалі ад Цэнтрвыбаркаму вылучыць яму на агітацыю «сродкі, прызначаныя на фальсіфікацыю выбараў старшынямі выбарчых камісіяў». Сакратар ЦВК адказаў цытатаю з Жан-Жака Русо.

Сваё патрабаванне выдаць яму грошы Паўлоўскі абгрунтаваў адсутнасцю сродкаў і месца працы, а таксама недахопам сродкаў у ініцыятыўнай групы праз пастаянны рост коштаў.

«З 2014 года спыненае цэнтралізаванае вылучэнне сродкаў на агітацыю кандыдатам. Калі кандыдаты-чыноўнікі маюць вялікі адміністрацыйны і матэрыяльны рэсурс, то наш кандыдат з аб’ектыўных, не залежных ад яго прычынаў такой магчымасці не мае, таму ён пастаўлены ў параўнанні з імі ў няроўныя ўмовы», – гаварылася ў калектыўным звароце.

У лісце ў адказ за подпісам сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка зазначаецца, што каштарыс расходаў на рыхтаванне і правядзенне выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў складзены на аснове палажэнняў Выбарчага кодэксу і не прадугледжвае вылучэння грашовых сродкаў кандыдатам на выраб агітацыйных друкаваных матэрыялаў.

«Характар выказвання аб выдзяленні Цэнтральнаю камісіяй сродкаў старшыням камісіяў на фальсіфікацыю выбараў, што ўтрымліваецца ў звароце, гаворыць, перш за ўсё, аб узроўні аргументацыі яго аўтараў, і ў сувязі з гэтым лічым дарэчы прывесці афарызм французскага пісьменніка і філосафа Жан-Жака Русо пра тое, што знявагі – гэта высновы тых, хто не мае рацыі», – піша сакратар ЦВК.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў