"Трымаць мяне ўсё даражэй, а выпусціць – страшней". Расце ціск на палітвязняў


Ціск узмацніўся? Палітвязні патрабуюць ад адміністрацыі турмаў змясціць іх у адзіночныя камеры. Амаль адначасова пра неабходнасць такіх захадаў паведамілі з-за кратаў Мікалай Аўтуховіч і Мікалай Статкевіч.

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ, ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

“Ні з кім болей сядзець не хачу, бо тут сапраўды можа ўзнікнуць пагроза бяспецы ў сувязі з сітуацыяй на волі. Эканамічнае становішча пагаршаецца, трымаць мяне тут усё даражэй, а выпусціць – страшней. Таму расце імавернасць усялякіх сюрпрызаў”.

{movie}Ціск на палітвязняў расце|right|15243{/movie}

У лісце да жонкі экс-кандыдат на прэзідэнта піша, што падчас зняволення ён налічыў сем выпадкаў рэальнай пагрозы свайму жыццю і здароўю. Але нават нягледзячы на гэта, палітык, якога асудзілі на шэсць гадоў турмы за арганізацыю масавых закалотаў 19 снежня 2010 года, не збіраецца пісаць прашэння аб памілаванні.

Не меншую заклапочанасць у паплечнікаў выклікаюць і звесткі ад іншага вязня сумлення – Мікалая Аўтуховіча. Тэрмін зняволення змагара з карупцыяй завершыцца роўна праз месяц – восьмага красавіка. Але менавіта гэты час можа стаць самым складаным. Каб пазбегнуць правакацыяў, палітвязень таксама звярнуўся да адміністрацыі з просьбаю змясціць яго ў адзіночную камеру або нават ШЫЗА гарадзенскай турмы, дзе ён адбывае пакаранне.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў