ВАЛЯНЦІНА МАТВІЕНКА, СПІКЕР САВЕТУ ФЕДЭРАЦЫІ РФ:
“Калі народ Крыму на рэферэндуме праявіць сваю волю і прыме рашэнне аб уваходзе ў склад Расеі, мы, як верхняя палата парламенту, безумоўна, падтрымаем гэтае рашэнне”.
Тым часам пад сценамі Крамля прайшоў мітынг у падтрымку так званага крымскага народу і неапазнаных людзей у расейскай форме, што практычна захапілі паўвостраў ды нібыта абараняюць яго ад Майдану. Абараняцца ад украінскай рэвалюцыі хочуць і ва ўкраінскім горадзе Стаханаў, што ў Луганскай вобласці.
НАПАДНІКІ:
“Не ганьбі ветэранаў! Не чапай! Пайшоў прэч адсюль! Здраднік!”
Тут аматары Савецкага Саюзу атакавалі хлопца за ўкраінскі сцяг у руках. Падобныя настроі пераважаюць там, дзе людзі глядзяць расейскае тэлебачанне і вераць апавяданням крамлёўскіх прапагандыстаў пра бандэраўцаў, што хочуць усё захапіць і спаліць. У Крыме, дзе тэлебачанне і радыё захапілі невядомыя людзі з расейскаю зброяй, цяпер будзе толькі такая інфармацыя. Сёння з эфіру знік украінскі тэлеканал “Інтэр”, замест яго круцяць расейскае НТВ. “Первый канал” заняў месца ўкраінскага “1+1”, тэлеканал “Россия 24” – замест “Черноморской ТРК”. Адначасова мясцовым прыхільнікам уваходу ў Расею ўнушаюць, што замежныя і ўкраінскія журналісты – шпіёны ды ворагі.
ЖЫХАРЫ ФЕАДОСІІ:
“Недабітыя эстонцы, латвійцы, палякі, немцы смярдзючыя! Недарэзаныя і недабітыя!”
“Вашая новая ўлада забівала “Беркут” і “майданутых”!”
Даходзіць і да нападаў. Напярэдадні ў Сімферопалі аўтаматчыкі ў масках разам з казакамі абрабавалі журналісцкі пункт агенцыі APTN, а заадно напалі на балгарскага журналіста, што зняў злачынства на відэа, ды забралі мабільнік.
ДЫМІТАР КЕНАРАЎ, БАЛГАРСКІ ЖУРНАЛІСТ:
“Тут цяпер ваенная сітуацыя. Тут няма закону. Людзі, якія гэта робяць, не падпарадкоўваюцца ніякім законам”.
Крым напаўняецца не толькі расейскімі вайскоўцамі ды кубанскімі казакамі. Гэта – добраахвотнікі з Сербіі з арганізацыі чэтнікаў, што ўдзельнічала ў этнічных чыстках падчас вайны ў Югаславіі. Пакуль што сербы дапамагаюць казакам рабіць праверку на дарогах пад Севастопалем.
САМІЛУТЫН МАЛЫШЫЧ, ДОБРААХВОТНІК З СЕРБІІ:
“Я прыехаў сюды са сваімі сябрамі-чэтнікамі, каб дапамагчы расейскаму народу ў Крыме, каб падзяліцца з ім нашым досведам”.
Украінцы таксама ставяць блок-пасты. Гэты – ля затокі Сіваш, на мяжы Крыму і Херсоншчыны. Вайскоўцы сочаць, каб у абодвух кірунках не праехала выбухоўка і людзі са зброяй. Кажуць, што мясцовыя жыхары іх чакалі.
УКРАІНСКІ ВАЙСКОВЕЦ:
“Людзі вельмі прыязна нас сустрэлі, як мы прыехалі. Мы ўжо не спадзяваліся, што так будзе”.
А гэта – мітынг у Сімферопалі за мір і адзіную Украіну ды супраць расейскіх інтэрвентаў.
УДЗЕЛЬНІЦА МІТЫНГУ:
“Мы хочам, каб яны сышлі дамоў, пакінулі наш Крым. Мы хочам міру, а не вайны”.
Сярод тых, хто не хоча ўваходу ў Расею, крымскія татары. Гэты народ занадта добра ведае, што такое прымусовая русіфікацыя і дэпартацыя з Радзімы. Рэферэндум, абвешчаны парламентам, крымчакі вырашылі байкатаваць. А вось вайскоўцаў – падтрымліваць. Керчанскі меджліс перадаў падарункі для жанчын-вайскоўцаў з атраду марской аховы Украіны. Усё ж такі хутка свята.
ПРАДСТАЎНІК КЕРЧАНСКІХ ТАТАРАЎ:
“Мы імі ганарымся за іхны мужны ўчынак, бо ў такі цяжкі час, калі такі вялікі ціск ідзе, яны застаюцца вернымі прысязе”.
Але пазіцыя татараў выклікае нянавісць з боку расейскіх нацыяналістаў. Нянавісць, што мае глыбокія традыцыі. Як пазнакі на брамах татарскіх дамоў, што робяць сёння невядомыя ўзброеныя людзі.
Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”