Дзень Волі – пад знакам салідарнасці з Украінаю


Арганізатары святкавання Дня Волі падалі ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу 25 сакавіка.

Заяўнікі акцыі просяць менскія ўлады дазволіць сход удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук а 18-й гадзіне, затым правесці шэсце па праспекце Незалежнасці, а таксама мітынг на пляцоўцы Незалежнасці з 19.30 да 20.00.

Плануецца, што акцыя пройдзе пад знакам салідарнасці з Украінаю, а таксама асуджэння крамлёўскай агрэсіі ў гэтай краіне. Яна пачнецца выкананнем гімну БНФ “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае вывучыць загадзя.

Подпісы пад заяўкаю паставілі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху “За свабоду”, аргкамітэту для стварэння грамадскага аб’яднання “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Рады беларускай інтэлігенцыі.

Сёлета спаўняецца 96 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна гэты дзень у Беларусі не адзначаецца, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яго як Дзень Волі.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску. Упершыню ідэя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі прагучала на Усебеларускім з’ездзе ў 1917 годзе.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў