Гарадзенцы: спыніце нашэсце шапікаў «Табака»!


Жыхары Горадні пачалі збор подпісаў пад онлайн-петыцыяй супраць спецыялізаваных шапікаў «Табака», якіх да канца сакавіка ў горадзе мае паўстаць цэлых 100.

Зарабляць грошы на здароўі беларусаў

Жоўта-блакітныя шапікі «Табака», прызначаныя для продажу выключна тытунёвых вырабаў, пачалі з’яўляцца на вуліцах Горадні напрыканцы мінулага года. Усталёўвае іх унітарнае прадпрыемства «Табака», заснавальнік якога – гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».

Паводле ўласнікаў, шапікі – гэта «механізм барацьбы з нелегальнаю прадукцыяй» ды «спосаб абароны ўнутранага рынку напярэдадні адмены выключнага права дзяржавы на імпарт тытунёвых вырабаў у 2015 годзе».

Гарадзенцы ж мяркуюць, што горад хоча зарабіць грошы на непрыхаванай рэкламе палення і цыгарэтаў. Апроч таго, «атрутна жоўта-сінія» колеры шапікаў, сцвярджаюць гарадзенцы, псуюць выгляд гораду.

Кіёск Табак на прыпынку_ фота s13.ru

Фота s13.ru

«Гэтыя шапікі з вялізным надпісам «Табака» стаяць паўсюль, дзе шмат людзей, – распавядае жыхарка Горадні Наста. – Таксама ўжо і ў іншых гарадах. Тытунёвая фабрыка не хоча, каб іх прадукцыю прадавалі прыватнікі, хочуць зарабляць самі. Таму яны і паставілі гэтыя шапікі. Аб іх ужо амаль спатыкаешся. Яны паўсюль».

Працуе пакуль з дзясятак гандлёвых пунктаў. Да канца сакавіка ў Гарадзенскім раёне іх паўстане 200, 100 з якіх – у Горадні. У будучыні сетка мае ахапіць усю краіну.

За 2 дні – больш за 2 тыс. подпісаў супраць

Спыніць «нашэсце» гарадзенцы хочуць зваротам у Міністэрства аховы здароўя, пад якім цяпер збіраюць подпісы ў інтэрнэце. На сённяшні дзень падпісаліся ўжо больш за 2 тыс. чалавек.

Падпісанты просяць скараціць колькасць шапікаў у горадзе, не ставіць іх на прыпынках грамадскага транспарту і побач з навучальнымі ўстановамі, змяніць колеры на менш кідкія, рабіць іх меншага памеру, прыбраць надпіс «Табака».

Гарадзенка Юлія Каляда, аўтарка петыцыі, мяркуе, што ідэя вынесці тытунёвыя вырабы ў асобнае месца – нядрэнная. Але рэалізоўвацца яна павінна інакш. «Мяне і тых, хто падпісвае петыцыю, больш задаволіла б, калі б такія кіёскі размяшчаліся не на прыпынках грамадскага транспарту, а, напрыклад, на рынках ці ў супермаркетах», – кажа дзяўчына.

Подпісы будуць збірацца да канца сакавіка

На думку Юліі, збор подпісаў важны ўжо хаця б тым, што адлюстроўвае настрой людзей: «Дзве тысячы подпісаў за два дні – гэта даволі шмат і паказвае, што людзі незадаволеныя». Актывістка спадзяецца, што Міністэрства аховы здароўя зверне ўвагу на меркаванне гарадзенцаў і паўплывае на сітуацыю.

Гарвыканкам: Усё паводле закону

У Гарадзенскім гарвыканкаме пацвердзілі незадаволенасць людзей: «Прыходзяць звароты: нехта лісты піша, нехта тэлефануе – удакладняюць, скардзяцца, нават лаюцца. Мы тлумачым тады, што ўсё ўзгодненае з упраўленнем архітэктуры ды ўпраўленнем гандлю, і шапікі ўсталёўваюцца паводле закону».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў