Паралакс: Пікнік на перадавой


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Гэта не суботні пікнік, а лінія фронту: брытанскі маёр Гэлеўэл са сваім ад’ютантам падчас Крымскай вайны – першага ў свеце сфатаграфаванага ўзброенага канфлікту.

Паўтара стагоддзя таму, 8 сакавіка 1854 года, на паўвостраў высадзіўся Роджэр Фэнтан – піянер ваеннага фотарэпартажу.

Паводле задумы брытанскіх уладаў, ён меў стаць супрацьвагаю Ўільяму Гоўарду Расэлу з “The Times”, які публікаваў вельмі крытычныя справаздачы з тэатру баявых дзеянняў, фармуючы ў Брытаніі негатыўнае стаўленне да гэтай бясплённай і крывавай вайны. Брытанцы проста не разумелі, за што паміраюць жаўнеры дзесьці ў іншым канцы свету. Расэл, дарэчы, быў першым ваенным журналістам, які перадаваў свае паведамленні праз тэлеграф.

У лістах сваякам афіцэры пісалі, што карцінкі, якія яны бачаць у “The Illustrated London News”, не адпавядаюць рэчаіснасці: “Вайна выглядае як спатканне клубу джэнтльменаў”. І сапраўды, са здымкаў Фэнтана на чытачоў глядзелі разняволеныя генералы, якія бесклапотна размяшчаюцца на бівуаку, п’юць піва і катаюцца на вярблюдах, і задаволеныя жаўнеры, што фатаграфуюцца ў дзіўнаватых мясцовых строях. Але ў Крыме яны былі не на канікулах, а тысячамі гінулі ад куляў і эпідэміяў (сам фатограф падхапіў халеру).

Бадзяцца з апаратам на адлегласці ад перадавой Фэнтана прымушаў узровень развіцця фотатэхнікі. Мокры каладыёнавы працэс (з эмульсіяй на шкляных пласцінах), якім карыстаўся рэпарцёр, патрабаваў ад трох да дваццаці секундаў для насвятлення здымку. На фатаграфіі ад’ютанту давялося замерці нерухома з бутэлькаю, але пад абстрэлам не звернешся да грэнадзёра з просьбаю на момант застынуць.

Тэхнічная недасканаласць тагачаснага абсталявання і віктарыянская маральнасць не дазволілі Роджэру Фэнтану паказаць жахаў вайны. Праз хваробу і паламаныя рэбры ён пакінуў лінію фронту перад рашучаю бітваю за Севастопаль, таму на ягоных 350 адбітках з Крыму мы бачым парадаксальную вайну – вайну без крыві ды крыку.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары