Украіна не здаецца, а імкнецца ў NATO


Украіну – у NATO? Законапраект далучэння нашай паўднёвай суседкі да Паўночнаатлантычнага альянсу ўнеслі ў Вярхоўную Раду. Гэткім чынам парламент хоча спыніць расейскую агрэсію ў Крыме, дзе працягваецца блакаванне ўкраінскіх гарнізонаў вайскоўцамі без знакаў адрознення. Нягледзячы на шантаж, пагрозы ды правакацыі, украінскія жаўнеры ў Крыме застаюцца верныя прысязе.

Крымскія гарнізоны, марскія базы, а таксама восем пастоў памежнай службы застаюцца заблакаваныя вайскоўцамі без апазнавальных знакаў. Украінскім пілотам удалося эвакуяваць з аэрадрому ў Саках чатыры верталёты і два самалёты. Проста з-пад носа расейскіх лётчыкаў, якія хацелі захапіць тэхніку. Апрача таго стала вядома пра выкраданне сёння генерал-палкоўніка Міхаіла Коваля, а таксама спецпасланніка ААН Робэрта Сэры.

Нягледзячы ні на што, пакуль канфлікт у Крыме праходзіць без адзінага стрэлу, а Кіеў заклікае сваё войска надалей паводзіцца годна.

{movie}Украіна не здаецца (05.03.2014) |right|15183{/movie}

ІГАР ЦЕНЮХ, ЧАСОВЫ МІНІСТР АБАРОНЫ УКРАІНЫ:

“Не паддавацца на правакацыі, якія ўвесь час узнікаюць у розных гарнізонах. Бо галоўная мэта расейцаў – выцягнуць нашых на правакацыю, каб пазней паказаць свету, што ўкраінцы першыя зрабілі стрэл”.

Не спыняюцца і спробы перацягнуць украінскіх вайскоўцаў на бок гэтак званага “крымскага войска”. Сярод іншых, вербаваннем актыўна займаецца былы камандуючы ВМС Украіны адмірал Дзяніс Беразоўскі, якому за здраду радзіме пагражае да 15 гадоў турмы.

ДЗЯНІС БЕРАЗОЎСКІ, ЭКС-КІРАЎНІК ВМС УКРАІНЫ:

“Вашая баявая адзінка застаецца тут. Заробкі я ўжо таксама пастанавіў, якія вам будуць плаціць і хто дзе будзе іх забяспечваць”.



Аднак спробы вербавання не праходзяць. За мужнасць украінскім вайскоўцам сёння падзякаваў прэм’ер Арсеній Яцэнюк, які паабяцаў падтрымаць і самых жаўнераў, і іхныя сем’і. І не толькі маральна.

АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:

“Сёння будуць прынятыя рашэнні пра дадатковае фінансавае забеспячэнне і дадатковыя выплаты для вайскоўцаў украінскіх узброеных сілаў. І прашу адразу пасля прыняцця рашэння неадкладна перавесці гэтыя сродкі”.

Масква ж упарта працягвае называць узброеных у Крыме вайскоўцаў “мясцоваю самаабаронаю” ды не прызнае іх жаўнерамі свайго войска.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:

“Калі вы пра сілы самаабароны, створаныя жыхарамі Крыму, мы ім загадаў не даем, яны ад нас загадаў не атрымліваюць. Што ж тычыцца вайскоўцаў Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі, яны знаходзяцца ў месцах сваіх дыслакацыяў”.

Аднак некаторыя вайскоўцы без апазнавальных знакаў не хаваюць сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Гэтае відэа, на якім невядомыя жаўнеры блакуюць стратэгічныя аб’екты ў Керчы і патрабуюць ад украінцаў скласці зброю, зрабілі журналісты “UkrStream.TV”: “Чаму без апазнавальных знакаў? Вы адкуль?” – “Таму, што ў нас форма такая, без апазнавальных знакаў”. – “А вы ўкраінскія?” – “Мы расейскія вайскоўцы”.

Тым часам флагман украінскага флоту, “Гетман Сагайдачны”, вярнуўся ў Чорнае мора, аднак кінуў якар не ля берагоў Крыму, дзе напоўніцу гаспадараць расейскія караблі, а ў Адэсе. А ў розных гарадах паўвострава адбываюцца мітынгі падтрымання як цэласнасці Украіны, гэтак і сепаратысцкага рэферэндуму, правядзенне якога абвесціла самаабранае новае кіраўніцтва аўтаноміі.

ЖЫХАРЫ КРЫМУ:

“У гэтым зацікаўленыя ўсе жыхары Крыму, як расейцы, украінцы, гэтак і крымскія татары”.

“Калі Расея нас не пакіне, усё будзе спакойна”.



Але гэтак думаюць далёка не ўсе крымчане, 90 % якіх жыве з турыстычнага сезону. Яны добра ўсведамляюць, што БТРы і аўтаматчыкі на вуліцах не паспрыяюць іхнаму бізнесу.

ЖЫХАРЫ КРЫМУ:

“Хто да нас захоча ехаць на вайну?”

“Я нават не магу сабе ўявіць, што можа адбыцца, калі сезону не будзе, не ведаю, як карміць сям’ю”.

“Ніхто не хоча, каб тут хадзілі з аўтаматамі людзі. Для мяне гэта нейкія міфічныя абаронцы. Мяне бараніць ні ад каго не трэба!”



У Данецку ж над будынкам абласной адміністрацыі, якую раней захапілі прарасейскія мітынгоўцы, ізноў залунаў жоўта-блакітны сцяг. Разам з тым памежныя службы Украіны не пусцілі на сваю тэрыторыю чатыры сотні гэтак званых “турыстаў” з Расеі, якія апошнім часам чынілі тут правакацыі, маскуючыся пад мясцовых. Крэмль жа рыхтуе адказ на імаверныя заходнія санкцыі: Савет Федэрацыі прапаноўвае сканфіскоўваць у Расеі маёмасць амерыканскіх і еўрапейскіх кампаніяў. Захад жа пакуль спрабуе дагрукацца да Крамля шляхам дыпламатыі.

ЎІЛЬЯМ ГЭЙГ, САКРАТАР МЗС ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:

Прэм’ер Дэйвід Кэмэран і прэзідэнт Оўбама далі ясна зразумець Расеі, якія наступствы для яе можа мець парушэнне ўсіх міжнародных нормаў. Натуральна, мы спадзяемся развязаць праблему дыпламатычным шляхам, але калі гэта не дапаможа, для Расеі будуць яшчэ горшыя наступствы ды іншая цана”.

Тым часам фінансісты ва Украіне заяўляюць пра спыненне дэвальвацыі грыўні ды абвяшчаюць стабілізацыю яе курсу. Апрача таго, сёлета Кіеў плануе атрымаць 15 мільярдаў кубоў газу за кошт рэверсу з Еўропы. Не менш важнае для аслабленай эканамічна Украіны і рашэнне Еўракамісіі, агучанае сёння ў Бруселі.

ЖУЗЭ МАНУЭЛ БАРОЗУ, СТАРШЫНЯ ЕЎРАКАМІСІІ:

“Еўрапейская камісія вызначыла сродкі для дапамогі Украіне. Гэта пакет на суму 11 мільярдаў еўраў на бліжэйшыя некалькі гадоў з бюджэту Еўразвязу і міжнародных фінансавых інстытутаў”.

Для таго ж, каб выйсці з крызісу, і не толькі эканамічнага, Вярхоўная Рада гатовая на рашучыя крокі. Сёння ў парламенце зарэгістравалі законапраект аб далучэнні Кіева да Паўночнаатлантычнага альянсу.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў