Беларуская мова на талстоўках – брэнд «Важная гусь» разлічвае на камерцыйны поспех


Ці можна прыгожа і стылёва выглядаць, надзяваючы беларускае? Ці абмяжоўваецца айчынны рынак льнянымі сукенкамі ды лялькамі з саломкі? Каб высветліць гэта, мы вырашылі рэгулярна сустракацца з беларускімі дызайнерамі ды паказваць, якія ідэі сёння ўвасабляюцца ў жыццё на гэтым рынку. Беларуская мода выходзіць на вуліцы і прыходзіць на «Белсат».

Мясцовыя дызайнеры, мадэльеры, уладальнікі лакальных брэндаў час ад часу збіраюцца на адной пляцоўцы. Тыя, каму пашанцавала наведаць выставу «Млын», якая нядаўна скончылася ў сталічным комплексе «Белэкспа», убачылі і прадукцыю, і працэс. Мы ж тут сустрэліся з нашым першым героем – Сяргеем Хамічуком, які разам з мастачкаю Ганнаю Радзько заснаваў невялікі брэнд «Важная гусь». Пачыналі стваральнікі «Гусі» з паштовак, пазней дадаліся торбы і талстоўкі з адмысловымі надпісамі.

{movie}Агляд падзеяў культуры (05.03.2014) |right|15172{/movie}

«Калі мы торбу з надпісам «Дай Бог нашаму цяляці ваўка спаймаці» аддалі на рэалізацыю ў адную краму, прадавачка запыталася, навошта мы робім надпіс з нейкаю беларускаю прымаўкаю, калі можам напісаць «Harley Davidson», і былі б продажы. Мы пасмяяліся. Нам здаецца, што ў беларускай мове ёсць разынка. Калі ж з камерцыйнага гледзішча казаць, то надпісы па-беларуску – гэта новая ніша, яны могуць быць вельмі паспяховыя», – распавядае Сяргей.

Свайго галоўнага спажыўца Сяргей акрэслівае як студэнта ці маладога чалавека з вышэйшаю адукацыяй, які натрэнаваў сваё вока на карцінках у інтэрнэце і не баіцца эксперыментаў з колерамі. Разам з тым Сяргей кажа, што пакуль у «Важнай гусі» не дастаткова канкурэнтаў, і гэтая ніша чакае новых творцаў.

Іншыя тэмы: Гурт «Серебряная свадьба» абвесціў збор сродкаў на новы альбом з дзіцячымі песнямі. Леанід Барткевіч ды Анатоль Кашапараў абураныя колькасцю клонаў «Песняроў» і вяртаюцца на вялікую сцэну. У Менск з канцэртам прыедзе «голас літоўскай журбы» – спявачка Аліна Арлова.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў