Пуцін – прэтэндэнт на Нобэлеўскую прэмію міру


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін трапіў у спіс суіскальнікаў цяперашняй Нобэлеўскай прэміі міру.



Пуцін аказаўся ў ліку амаль 300 кандыдатаў на атрыманне прэміі, паведаміў дырэктар нарвежскага Нобэлеўскага інстытуту Гэйр Люннэстад.

На прэмію міру 2014 года вылучылі рэкордную колькасць кандыдатаў – 278, у тым ліку 47 арганізацыяў. Апроч Пуціна, у спіс прэтэндэнтаў трапілі Папа Рымскі Францішак, пакістанская праваабаронца Юсафзай і экс-працаўнік ЦРУ Эдўард Сноўдэн.

Прэтэндэнтам на прэмію кіраўніка Расеі летась увосень вылучыла Міжнародная акадэмія духоўнага адзінства і супрацы. Пад зваротам у Нобэлеўскі камітэт паставіў подпіс, сярод іншага, Іосіф Кабзон. Прэзідэнт акадэміі Георгій Трапезнікаў, тлумачачы рашэнне акадэмікаў, нагадаў пра «міратворчую ролю» Уладзіміра Пуціна ў Беслане, Паўднёвай Асеціі, падае «ИТАР-ТАСС».

У канцы красавіка абвесцяць ТОП-10 прэтэндэнтаў на прэмію міру.

Імя пераможцы скажуць у другую пятніцу кастрычніка, а прыз ён атрымае 10 снежня – у гадавіну смерці Альфрэда Нобэля.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў