«Еду на вайну, вярнуся не хутка». Новыя расейскія вайскоўцы і тэхніка ў Крыме


Украінскія памежнікі ўзмацнілі рэжым на поўдні ды ўсходзе Украіны, сярод іншага, на стыку адміністрацыйных межаў Запарожскай, Херсонскай абласцей і Крыму.

З Расеі ва Украіну за апошнія содні памежнікі не прапусцілі каля чатырохсот асобаў – расейскіх грамадзянаў, якія арганізаванымі групамі спрабавалі трапіць на тэрыторыю Украіны, у тым ліку ў Крым. У аднаго з іх у тэлефоне выявілі sms-паведамленне такога зместу: «Еду на вайну, вярнуся не хутка, скажы, што я захварэў».

«Раніцаю 5 сакавіка ў Крым прыбылі чатыры вялікія дэсантныя караблі расейскага флоту, якія прывезлі каля 2 тыс. вайскоўцаў. Апроч таго, праз Керчанскі праліў на пароме перапраўляюць бронетэхніку. Калі з асабістым складам зразумела – гэта ратацыя, гэта значыць, колькі прывезлі, столькі ж і вывезлі з Крыму, то бронетэхніка нас трывожыць. Яе колькасць працягвае ўзрастаць», – паведаміў радыё «Свабода» кіраўнік кіеўскага Цэнтру ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.

Паводле адмыслоўца, расейскіх вайскоўцаў перад адпраўкаю у Крым выклікалі на зборы ў Краснадарскім краі, дзе камандзіры адабралі ў іх дакументы і мабільныя тэлефоны. «Гэтак, іхныя маці ды сваякі не ведаюць, дзе цяпер перабываюць іхныя сыны. Гэта чыста сталінскія метады падтрымання сакрэтнасці, метады НКВД. Гэта зрабілі для таго, каб нават лаяльныя пуцінскім уладам расейцы не абураліся тым, што іхныя сыны выконваюць задачу захопу чужой краіны».

Ёсць звесткі, падкрэсліў спадар Тымчук, што расейцы працягваюць разгортваць ваенна-палявыя шпіталі ў памежнай зоне. Вядома таксама, што ў Севастопалі раніцаю 4 сакавіка Чарнаморскі флот разгарнуў свой шпіталь на ўзор ваеннага часу.

МЯ, belsat.eu, паводле svoboda.org

Стужка навінаў